Hasta La Filsta - №1EP

Размова сёння пойдзе пра, так бы мовіць, першы альбом узноўленага гурта Hasta La Filsta. Назва альбома дарэчы празмерна мудрагелістая - №1EP.



Як кажуць самі музыкі і назва і колькасць песень, а іх на дыску сем, — вынік праблем з запісам. Маўляў, песень шмат, але часу, каб іх запісаць, не хапае. Менавіта таму і было вырашана паступова выдаваць EP з нумарамі, а ўжо потым іх сабраць у адзін паўнавартасны альбом.

Дарэчы, забыўся сказаць, што Hasta La Filsta ўзнавілася не зусім класічным складам. Замест Крысціны Мендзялеевай на дыску спяваюць адразу некалькіх ужо вядомых вакалістаў. Але пра ўсё па чарзе. А пачынаецца дыск з народнай песні “Калядка”, якую спявае Маша Яр



Калі шчыра, то мне вельмі складана быць аб’ектыўным, бо ўласнае знаёмства і нават сяброўства з музыкамі, а тым больш павага да гурта Hasta La Filsta канца 90-х наўрад ці станоўча ўплываюць на маё стаўленне. Пасля народнай “Калядкі” да мікрафону далучаецца Саша Памідораў а потым і Саша Ракавец.



“Бог не роўна дзеле”. Калі б мне яшчэ да праслухоўвання сказалі, што песню з такой назвай выконвае Памідораў, мне было б адразу зразумела, што трэк варты праслухоўвання. Справа ў тым, што у Памідорава, на маю думку, ёсць асаблівы талент на напісанне і выкананне вострых сацыяльных тэкстаў. Таму і наступная песня, дарэчы, аўтарства самога выканаўцы, таксама моцна чапляе і пранімае.



Але вось што дзіўна: і “Бог не роўна дзеле” і “Ікона” стылістычна падобныя на праект Pomidor/OFF. І вось тут пытанне: а дзе ж Hasta La Filsta? І, на жаль, адказ на гэта пытанне вы не атрымаеце нават праслухаўшы цалкам дыск. Ствараецца ўражанне, што хлопцы так засумавалі адзін па адным ды па працы ў студыі разам, што не думалі пра самі трэкі. Была ідэя запісаць дыск, яе і рэалізоўвалі, бо агульнай канцэпцыі ў кружэлкі аніякай няма. Яшчэ адзін прыклад – песня “Праўда”.



Не ведаю, як вы, а я дакладна чую гурт “IQ48”. Не, зразумела, што Саша Ракавец не можа не прыўнесці ў Hasta La Filsta нешта сваё, больш звыклае. Але прыўнесці і папросту зрабіць песню “IQ48” з іншымі музыкамі – гэта розныя рэчы. А вось песня “Ты пакліч мяне. Пазаві” не нагадвае ні Indiga, ні Akana NHS, ні што-небудзь іншае.



Пагадзіцеся, стылістычна яна цалкам адрозніваецца ад усяго, што мы праслухалі раней. Праўда, гэта і не дрэнна… Але зноў жа, не магу быць аб’ектыўным, бо голас Русі лічыў і лічыць буду адным з найлепшых, а можа і найлепшы з чутых раней жаночых вакалаў.



Вось мы і праслухалі амаль увесь альбом. Я адмыслова пакінуў песню ў выкананні Вольгі Самусік на канец перадачы, бо так здарылася, што агляд дыска робіцца ўжо пасля яе смерці. Магчыма, я буду супярэчыць самому сабе і таму што казаў раней, але гэта мае сённяшнія думкі. Беларускі рок згубіў шмат з Воліным сыходам, гэта неаспрэчны факт, і больш анічога дадаваць я не буду, каб гэта не выглядала… Карацей, проста не буду.

Ну і скончым агляд №1EP гурта Hasta La Filsta каверам на песню Neuro Dubel “Можна жыць” . Вельмі ўдалая перапрацоўка і ў адрозненні ад шматлікіх іншых песень, падрыхтаваных для трыб’юта “Дзюбеляў”, яна не сапсавала арыгінал. Атрымалася вельмі цікавае бачанне адной з найлепшых, паводле Аляксандра Кулінковіча, песень за існаванне Neuro Dubel



Што ж, будзем чакаць другой часткі Hasta La Filsta’ускага EP, думаю, будзе пра што пагаварыць. Гэта была “Перадача-Аглядача” з Іллём Маліноўскім і размаўлялі мы пра першы за амаль 10 гадоў альбом гурта Hasta La Filsta.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі