Guns N' Roses раскажуць гісторыю песні «November Rain»

Прыхільнікі гурта Guns N' Roses атрымаюць магчымасць азнаёміцца з поўнай «гісторыяй» эпічнай балады «November Rain» з альбома «Use Your Illusion» 1991-га году.
Фота: www.g4tv.com Справа ў тым, што ў красавіку на прылаўках кнігарняў ЗША з'явіцца складанка аповедаў, якія развіваюць і працягваюць сюжэтную лінію песні.

Аўтарам «The Language Of Fear» з'яўляецца амерыканскі пісьменнік Дэл Джэймс, які на пачатку 90-х пісаў тэксты для гурта разам з Экслам Роўзам.

Кніга складаецца з 15 кароткіх аповедаў у жанры «хорар», якія дазваляюць лепш зразумець гісторыю, апісаную ў песні.

Прадмову да складанкі напісаў сам Эксл Роўз, які адзначыў «выдатную дасведчанасць Дэла Джэймса ў тэме гэтай песні».

Кніга першапачаткова была выдадзеная на пачатку 90-х і неўзабаве ператварылася ў сапраўдны рарытэт. Зараз яна будзе перавыдадзеная больш вялікім накладам.

Нагадаю, што 8-хвіліннае відэа на песню «November Rain» з'яўляецца адным з самых дарагіх ролікаў за ўсю гісторыю кліпмэйкерства: на яго стварэнне было выдаткавана 1,5 мільёна долараў.