Гомсельмаш: Мы працуем у межах расійскага заканадаўства

 “Гомсельмаш” адрэагаваў на сённяшнюю заяву расійскага прэм'ера, які паабяцаў праверыць "схаваны" імпарт беларускай сельгастэхнікі ў Расію Вось што заявіў Еўрарадыё першы намеснік гендырэктара прадпрыемства Іван Пратура:

“Мы працуем у межах расійскага заканадаўства. Ніводнае заканадаўства, ніводны нарматыўны акт у пытаннях арганізацыі сумеснай вытворчасці намі не парушаецца”.

Нагадаем, праверыць "схаваны" імпарт беларускай сельгастэхнікі ў Расію паабяцаў расійскі прэм'ер-міністр Ўладзімір Пуцін. Ён адгукнуўся на заяву гендырэктара "Ростсельмаша" Валерыя Мальцава. Як паведамляе РИА "Новости", на нарадзе ў панядзелак кіраўнік аднаго з найбуйнейшых у Расіі вытворцаў сельгастэхнікі заявіў, што "Гомсельмаш" пастаўляе сваю тэхніку ў Бранск, дзе на машынах "мяняюцца этыкеткі, афармляюцца дакументы як на вырабленыя ў Расіі, і пасля на іх распаўсюджваюцца расійскія льготы".

З пазіцыяй беларускага прадпрыемства згаджаецца і старшыня ліквідаванага прафсаюза работнікаў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудавання Аляксандр Бухвостаў. Ён лічыць, што абвінавачванні "Ростсельмаша" беспадстаўныя.

Аляксандр Бухвостаў: “У Бранску ёсць зборачнае прадпрыемства “Гомсельмаша”. Абсалютна законнымі шляхамі “Гомсельмаш” пастаўляе дэталі і вузлы ў Расію. Бранск збірае гатовыя камбайны, якія выходзяць у свет пад расійскай маркай. І прадае не як камбайны “Гомсельмаша”, а як уласную прадукцыю. Увесь працэс ідзе на аснове двухбаковых пагадненняў — і ніяк іначай”.

На здымку: Днямі сумеснае прадпрыемства "Брансксельмаш" наведала кіраўніцтва Бранскай вобласці, якое засталося задаволенае яго працай

Фота — bryanskobl.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі