Гатэль «Еўропа» пакуль не атрымаў пяць зорак

Як стала вядома Еўрарадыё, спачатку самы шыкоўны гатэль краіны павінен выправіць шэраг хібаў. Аднак кошты нумароў на ўзроўні пяцізоркавых гасцініц. Такога камфорту ў нашай краіне яшчэ не было (так Еўрарадыё пацвердзіла адміністратар “Еўропы” Таццяна): падлога з падагрэвам нават у агульных калідорах; басейн, саўна, падземны гараж, а пры жаданні кліента яго аўтамабіль пададуць да галоўнага ўваходу. Але беларусаў больш за ўсё ўражваюць кошты нумароў.

Самы танны аднапакаёвы нумар з сейфам, міні-барам, фенам каштуе 313 еўра за суткі (паўтара сярэднямесячнага заробку беларуса). Гордасць гатэля прэзідэнцкі “люкс” – 1123 еўра. Тут зусім іншыя ўмовы: гасцёўня, сталовая, спачывальні, ванная з джакузі і індывідуальная саўна. У кошт уключаны шведскі стол, наведванне саўны і басейна. У дні святкавання 940-годдзя Мінску гатэль быў запоўнены амаль на 80%.

Цікава, што мэбля (Пінскдрэў), бытавая тэхніка (тэлевізары “Гарызонт” і “Віцязь”), дываны – усё беларускіх прадпрыемстваў. Нават касметычны набор у нумары і мінеральная вада ў міні-бары — нашыя.

Аддаць перавагу замежным таварам можна, толькі калі ў нашай краіне падобнага проста не вырабляюць. Таму, як кажуць у гатэлі, на 80% “Еўропа” зроблена з айчыннага матэрыялу. Такую пазіцыю адміністратар Таццяна тлумачыць проста.

Таццяна:
Гэта не наша ўласнае жаданне, а распараджэнне Аляксандра Рыгоравіча.

Зараз камісія з Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі вырашае, колькі зорак надаць гатэлю (усе патрабаванні -- з міжнароднага сертыфікату). Экспертыза адбываецца ў некалькі этапаў: спачатку камісія ўсё аглядае, робіць заўвагі і дае шанец выправіцца. Толькі пасля гэтага выносіцца рашэнне, даваць зоркі ці не і — колькі. Пакуль пяцізоркавых гатэляў у Беларусі няма.

Чатыры зоркі ёсць у трох - сталічных “Мінску” і “Вікторыі”, а таксама ў віцебскай “Лучосы”.

Нягледзячы на тое, што гатэль “Еўропа” пазіцыянуе сябе як пяцізоркавы, такі статус яму яшчэ не далі. Як стала вядома Еўрарадыё, камісія знайшла шэраг хібаў і дала час выправіць іх. Даведацца, што гэта за хібы, мы паспрабавалі ў начальніка сектара сертыфікацыі Людмілы Вокуць.

Людміла Вокуць: Я не маю права вам расказваць. Орган па сертыфікацыі заключае дамову з гатэлем аб канфідэнцыяльнасці інфармацыі. Магчыма, кіраўніцтва не хоча, каб ведалі пра недапрацоўкі.

І тым не менш, кошты ў без пяці хвілін пяцізоркавым гатэлі даволі высокія. Калі параўнаць кошт адпакаёвага нумару ў “Еўропе” і чатырохзоркавага ў гатэлі “Вікторыя”, то розніца складзе 600 тысяч рублёў.

Людміла Вокуць:
У нас у рэспубліцы няма ніякіх дакументаў аб залежнасці катэгорыі гатэля і кошту яго нумароў.

Цана на прэзідэнцкі нумар падалася нам увогуле фантастычнай. Таму Еўрарадыё вырашыла паглядзець, ці давялося прэзідэнту Беларусі жыць у такім шыкоўным нумары. У Казахстане Аляксандр Лукашэнка адпачываў у нумары за 364 долары. У нью-ёркскім гатэлі “Асторыя” на Манхэтэне на Саміце тысячагоддзя кошт прэзідэнцкага нумару быў крышачку ніжэйшым за мінскі — 1000 долараў.

А вось самыя дарагія апартаменты для Лукашэнкі аказаліся ў Арабскіх Эміратах — 2000 умоўных адзінак за нумар у “Эмірэйтс Пэлас”. Дарэчы, меню тут было даволі выкшталцоным: амлет, сасіскі, ёгурты. З беларускай “Еўропай” па коштах супадае пяцізоркавы аўстрыйскі гатэль “Клостэрброй”, у якім прэзідэнт адпачываў узімку 2004 года на гарналыжным курорце.

Фота

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі