Галерэя "Ў" шукае новыя імёны

Конкурс "Smart art""Разумнае мастацтва" — заснаваны галерэяй сучаснага мастацтва "Ў" пры падтрымцы кампаніі "velcom". Да ўдзелу ў ім запрашаюцца мастакі і проста зацікаўленыя грамадзяне Рэспублікі Беларусь ва ўзросце ад 16 да 30 гадоў уключна. Пры гэтым зусім не абавязкова мець спецыяльную адукацыю, акцэнтуе ўвагу  куратар конкурсу Сяргей Шабохін:

Сяргей Шабохін: "Конкурс і накіраваны на пошук мастакоў, якія, магчыма, не заканчвалі ніякіх мастацкіх вучэльняў. Гэта могуць быць і дызайнеры, і архітэктары, гэта могуць быць музыкі, якія хацелі б паспрабаваць сябе ў аўдыё-арце. Гэта можа быць хто заўодна, каму так ці інакш цікава сучаснае мастацтва, і хто хоча быць заўважаным у гэтай сферы. Досвед працы таксама не істотны".


У працэсе падрыхтоўкі выставаў мастакам будзе аказаная самая розная падтрымка: ад неабходнай літаратуры да "візітаў" у майстэрні вядомых творцаў.

Сяргей Шабохін: "Мы будзем адсочваць, так бы мовіць, недахопы кожнага з канкурсантаў. Напрыклад, калі чалавеку не хапае досведу ў тым, як свае ідэі выявіць выяўленча, мы арганізуем дадатковыя лекцыі, сустрэчы з мастакамі. Мы адкрыем для канкурсантаў бібліятэку галерэі "Ў" і шмат чаго іншага. А таксама дапаможам у распрацоўцы канцэпцыяў. Таму гэты конкурс – не проста конкурс, а яшчэ і творчая лабараторыя для канкурсантаў".

 


Па выніках конкурсу будуць абраныя 6 удзельнікаў. Усе 6 канцэпцый пераможцаў будуць па чарзе рэалізаваныя ў галерэі "Ў" у выглядзе міні-прэзентацый. Лепшы праект абярэ экспертнае журы ў складзе: Уладзімір Цэслер (мастак, дызайнер), Руслан Вашкевіч (мастак), Валянціна Кісялёва (арт-дырэктар галерэі "Ў"), Дзіна Цыбульская (прадстаўнік кампаніі "velcom"), Вольга Шпарага (філосаф, культуролаг, рэдактар часопіса "Новая Еўропа"), Сяргей Кірушчанка (адзін з "мастадонтаў" актуальнага мастацтва Беларусі).

Акрамя экспертнага журы, аддаць свой голас за ўлюбёнага ўдзельніка конкурсу "Smart art" зможа і кожны жадаючы, распавяла арт-дырэктар галерэі Ў і каардынатар конкурсу Ганна Чыстасердава:


Гання Чыстасердава: "Наша галасаванне будзе праводзіцца па двух прынцыпах: першы – гэта выбар прафесійнага журы. У дадатак пасля кожнай прэзентацыі мы будзем рыхтаваць відэа паводле праектаў. Гэтыя стужкі будуць складацца з інтэрв’ю з мастакамі і караценькага фільма пра сутнасць праекта. Напрыканцы конкурса ўсе жадаючыя змогуць прагаласаваць за любога ўдзельніка на старонцы Youtube".

Праект будзе цягнуцца амаль год – для маладых канкурсантаў ён станецца сапраўдным шляхам да персанальный выставы. Імя пераможцы будзе названа 31 кастрычніка.

Падрабязныя правілы і умовы конкурсу "Smart art"  можна знайсці на сайце галерэі "Ў". Заяўкі на ўдзел у "Smart art" прымаюцца з 17 лютага да 17 сакавіка.

Фота: Дзяніс Зелянко

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі