G-7 выпрацавала сумесны план выхаду з крызісу

Міністры фінансаў і кіраўнікі цэнтрабанкаў сямі асноўных сусветных дзяржаваў выказалі гатовасць рабіць усё магчымае для пераадолення глабальнага фінансавага крызісу, паведамляе ІТАР-ТАСС.

У пятніцу на нарадзе ў Вашынгтоне кіроўныя фінансісты краін "сямёркі" зацвердзілі антыкрызісны план замест традыцыйнага для падобных сустрэч выніковага кам'юніке. У дакуменце падкрэсліваецца, што план носіць "неадкладны і надзвычайны характар". План прадугледжвае стабілізацыю фінансавых рынкаў, аднаўленне цыркуляцыі крэдыту і падтрымку глабальнага эканамічнага росту.

План налічвае пяць пунктаў: выкарыстаць любыя наяўныя сродкі, каб падтрымліваць сістэмна важныя фінансавыя інстытуты і не дапускаць іхнага краху; прымаць усе неабходныя меры для разблакавання крэдытных і грашовых рынкаў, забеспячэнне шырокага доступу банкаў і іншых фінансавых інстытутаў да ліквіднасці і фінансавання; забяспечыць банкам магчымасць пры неабходнасці прыцягваць капітал як з прыватных, так і з дзяржаўных крыніц у дастатковых колькасцях для аднаўлення даверу і аднаўлення імі крэдытавання бізнэсу і прыватных асобаў; забяспечыць надзейнасць нацыянальных праграм па страхаванні ўкладанняў; пры неабходнасці прымаць меры для аднаўлення дзейнасці другасных рынкаў іпатэчных і іншых каштоўных папер.

Усе гэтыя меры павінны прымацца так, каб забяспечваць абарону падаткаплатнікаў і не дапускаць шкоды для іншых краін, падкрэслілі фінансісты "сямёркі". Яны адзначылі, што па меры патрэбы і мэтазгоднасці гатовыя выкарыстаць "інструменты макраэканамічнай палітыкі". Удзельнікі сустрэчы выказалі падтрымку МВФ і Форуму па фінансавай стабільнасці, пацвердзілі настойлівую неабходнасць рэфармавання сусветнай фінансавай сістэмы.
Міністр фінансаў ЗША Генры Полсан па завяршэнні паседжання прадставіў дакумент журналістам. Ён не даў прамога адказу на пытанне пра тэрмін выканання прынятага плану.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі