EXIT Festival: ад музыкі Prodigy у слухачоў хрусцелі рэбры

Трэці дзень пабіў рэкорды па колькасці наведвальнікаў, якасці музыкі і зорнасці хэдлайнераў. На галоўную сцэну фестываля выйшлі Prodigy, Kraftwerk і Moby.  У восем гадзін 11 ліпеня танцпляц галоўнай сцэны выглядаў незвычайна: сабраліся фанаты амерыканскай рок-спявачкі з Чыкага Patti Smith (Пэці Сміт), якім, у асноўным было больш за 35 гадоў.



Пэці Сміт сама піша свае песні і радуе меламанаў дзіўным, захапляльным вакалам. Падчас яе выступлення экшну на сцэне і слэму на танпляцы не назіралася.

Адразу пасля выступлення амерыканкі пачалося шоў ад Kraftwerk, не гледзячы на тое, што само выступленне пачалося толькі праз паўгадзіны. Звычайна ў гэтыя паўгадзіны падрыхтоўкі да выступу гучыць музыка ў запісе.

Выхаду Kraftwerk аўдыторыя чакала ў поўнай цішыні, сцэна была закрыта шторамі. Мы адразу нават і не зразумелі, што не так, калі падыходзілі да сцэны. А атмасфера тым часам накалялася. За дзесяць хвілін да выступу сталі бачнымі чатыры постаці за шторамі. І зал завішчаў так, нібыта хэдлайнер зайграў свой лепшы трэк.



Калі нарэшце шторы падняліся, мы ўбачылі легендарную карціну: чатыры постаці ў чорным. Людзі ўжо адным сваім існаваннем ствараюць непаўторны імідж і атмасферу, падумалася Еўрарадыё.



Падчас выступлення Kraftwerk, на экранах саміх музыкаў не паказвалі, а ішоў выдэашэраг, зроблены ў тэму ўсіх трэкаў. Дакладней, відэаплынь і сама музыка ўспрымаліся як нешта абсалютна арганічнае і непадзельнае.



Гурт прадставіў свае лепшыя трэкі, такія як The Machine і Autobahn . Kraftwerk перанёс людзей у мінулае, але здавалася, што на сцэне гучыць нешта супер-сучаснае, эксперыментальнае.



Калі на сцэну выйшаў Moby, танцпляц, уражаны іншапланетнасцю Kraftwerk, на ура ўспрыняў добра знаёмыя, больш простыя для ўспрымання рытмы амерыканца

Дарэчы, падчас канцэрту Moby адчуваеш сябе на дзіва прыемна, бо музыка размаўляе з аўдыторыяй вельмі па-сяброўску. Здаецца, што вось гэта ён табе кажа, таму і атмасфера на танцпляцы вельмі прыемная.





Цікавым адкрыццём 11 ліпеня стаў Eboman. Ён разам са сваёй камандай зрабіў сабе касцюм, у якіх кожны рух на камп’ютары прапісаны пад асобны сэмпл. Такім чынам, рухаючыся, Eboman стварае музыку.



А ў дадатак да касцюма прапісаная праграма, пры дапамозе якой музыка сэмплуе галасы людзей з танцпляца.





Увага сябры! Сапраўды неверагоднае адбывалася ў апошні дзень, калі фестываль дачакаўся канцэрту гурта The Prodigy. Яшчэ за паўгадзіны да пачатку выступлення на вялізарным танцпляцы нельга было варухнуцца. Астатнія 15 танпляцаў засталіся абсалютна пустыя. Калі гадзіннік паказаў 0:00 над Петраварадзінскай крэпасцю падняўся гул. The Prodigy – адзіны гурт, які не пачаў выступ учас. Затрымаўшыся на 15 хвілін, легендарная каманды выйшла на сцэну.



І як толькі загучалі першыя ноты, людзі на танцпляцы пачалі скакаць. Не трэба было разагрэву! Разагрэвам былі тры дні чакання. Адразу з танцпляца пачалі збягаць дзяўчыны, таму што натуральна хрусцелі рэбры. І гэта быў толькі пачатак.

Перад самай сцэнай пачаўся такі моцны слэм, што ў радыюсе 5 метраў людзі разляталіся ў розныя бакі. На песні Smack my bitch up з танцпляцу хуткая дапамога пачала выносіць людзей.



Астатнія працягвалі таньчыць у экстазе.






На такіх канцэртах разумееш моц энергетыкі, музыкі і чалавека, што яе робіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі