Еўропа спрабуе “замаляваць” Косава на мапе ЕС

У той жа час чыноўнікі ЕС кажуць, што краінам-удзельніцам праграмы “Усходняе партнёрства” нават ў бліжэйшай будучыні не трэба спадзявацца на тое, што іх назавуць кандыдатамі на ўступленне ў Еўрасаюз Удзел у праграме “Усходняга партнёрства” абяцае краінам-удзельніцам выдзяленне фінансавай і прававой дапамогі ў “сінхранізацыі” мясцовага заканадаўства, Канстытуцыі з еўрапейскімі нормамі, дапамогу ў ахове помнікаў культуры, развіцці транспартных інфракстуртур і г. д.

Добрым прыкладам праяў такой дапамогі можа лічыцца Косава. Як расказаў падчас сустрэчы ў сталіцы Косава Прышціне з групай журналістаў з Беларусі, Украіны, Малдовы і Расіі кіраўнік камунікацыйнага аддзела міжнароднага грамадскага фонду Эндзі Макгіф (Andy MacGuffie), на “сінхранізацыю” косаўскага заканадаўства, дапамогу ў напісанні косаўскай Канстытуцыі і іншых прававых дакументаў, 25 краін-заснавальнікаў фонду толькі летась выдаткавалі 400 мільёнаў еўра.

Міжнародны грамадскі фонд быў спецыяльна створаны для дапамогі ў пералічаных пытаннях, у першую чаргу датычных заканадаўства, а таксама для дапамогі ў стварэнні сілаў мясцовай бяспекі, Канстытуцыйнага суду, назіраннем за захаваннем правоў нацыянальных меншасцяў ды іншых год таму. Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў кіраўніка фонда, ці не азначае факт стварэння іх арганізацыі краінамі Еўрасаюзу, што падобныя структуры будуць створаныя ў Беларусі ды іншых краінах-удзельніцах праграмы “Усходняга партнёрства”.
Вось што адказаў Эндзі Макгіф:

“Міжнародны грамадзянскі офіс быў створаны для асобнай краіны і ўнікальнай сітуацыі. Мы спецыяльна ад пачатку прыцягнулі да ўдзелу ў гэтым праекце мясцовых грамадзян. Любую праблему мы разглядаем з той пазіцыі, што галоўным з’яўляецца тое, чаго для вырашэння гэтай праблемы хацеў бы зрабіць урад Косава.

Зразумела, у нас ёсць нейкія назіральныя сілы і функцыі ў межах косаўскай канстытуцыі, але мы заўсёды кажам, што свае функцыі ўплыву альбо ўціску на кіраўніцтва Косава мы трымаем пад замком. Для нас гэта інструмент, які мы будзем выкарыстоўваць у самым крайнім выпадку. Але кажучы пра наш вопыт знаходжання тут цягам года, нам падаецца, што нам тут да гэтага часу радыя і грамадзяне Косава, і косаўскія ўлады. Для Косава наш фонд — добра прадуманая і патрэбная інстытуцыя.

Але я не гатовы сцвярджаць, што гэта тая мадэль, якую б можна было адсюль забраць і развярнуць у Беларусі ці якім іншым месцы. Трэба разглядаць нюансы той краіны, пра якую ідзе гаворка, і тады думаць, ці падыходзяць для канкрэтнай сітуацыі падыходы, якімі мы валодаем”.



Праўда, удакладняць, што гэта за магчымасці ўплыву, якія грамадская арганізацыя можа скарыстаць у размове з мясцовымі ўладамі, Эндзі Магкіф не захацеў.

Эндзі Макгіф: “У нас ёсць магчымасці ўплыву, але мы не прыносім гэтыя магчымасці з сабой на кожную сустрэчу. Мы ў першую чаргу стараемся быць партнёрамі і дарадцамі кіраўніцтва Косава”.

Нягледзячы на тое, што Канстытуцыя Косава ўжо напісана і прынята, сілы бяспекі створаныя, фонд, па словах яго прадстаўніка, будзе і надалей працягваць тут сваю працу. Хапае праблем з захаваннем помнікаў архітэктуры, з адукацыяй, з правамі нацыянальных меншасцяў. Ужо зацверджаны бюджэт фонда на наступны фінансавы год. І ён ізноў налічвае сотні мільёнаў еўра. Гэта пры тым, што чыноўнікі Еўрасаюзу Косава называюць не больш, чым патэнцыйным кандыдатам на ўваходжанне ў ЕС.

“Косава і іншыя краіны рэгіёна Заходніх Балкан больш важныя для нас з пункту гледжання пашырэння Еўрасаюзу, чым верагоднасць пашырэння Еўрасаюзу ў іншых геаграфічных накірунках”, — заявіў на сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Малдовы і Расіі спец-прадстаўнік ЕС у Косава Пітэр Файт (Pieter Feith).



Пяць краін Еўрасаюзу так і не прызналі незалежнасці Косава: Румынія, Славакія, Грэцыя, Кіпр і Іcпанія. Такім чынам, Еўрасаюз,  як палітычнае ўтварэнне, таксама не прызнаў незалежнасць гэтай балканскай краіны. У той жа час, Еўрасаюз, па словах спецпрадстаўніка ЕС, падтрымлівае і вітае разгортванне тут сваіх місій і праграм краінамі, якія Косава прызналі. А ўся прычына ў тым, што Балканскі рэгіён лічыцца “чорнай дзіркай” на мапе Еўрасаюзу і якую той як найхутчэй хоча “замаляваць”. Лепшым сведчаннем гэтаму можна лічыць грошы: штогадовы бюджэт Косава складае каля 600 мільёнаў еўра. У той жа час ад Еўрасаюзу ды іншых замежных донараў краіна толькі летась атрымала роўна ў два разы больш — 1 мільярд 200 мільёнаў еўра.

Як хутка апраўдаюцца спадзяванні ЕС на далучэнне Косава, Еўрарадыё паспрабаваў патлумачыць спецпрадстаўнік ЕС Пітэр Файт:

“Тое, што мы называем “Еўрапейскай перспектывай заходніх Балкан”, было абмеркавана на саміце ў Салоніках у 2003 годзе. Няма ніякай гарантыі, што Косава стане сябрам ЕС раней, чым якая-небудзь іншая дзяржава Балкан. Гэта шмат у чым будзе залежыць ад таго, як Косава будзе спраўляцца з сітуацыяй. Размова ідзе пра наш базавы набор стандартаў, каштоўнасцяў, законаў і г. д. Да таго, што рэгулюе грамадскае жыццё Еўропы. Гэта перспектыва, а не гарантыя. Але не сакрэт, што для Еўропы ўваходжанне Заходніх Балкан у Еўрасаюз з’яўляецца прыярытэтным пытаннем”.

У той жа час чыноўнікі Еўрасаюзу кажуць, што краінам-удзельніцам праграмы “Усходняе партнёрства” нават ў бліжэйшай будучыні не трэба спадзявацца на тое, што іх назавуць кандыдатамі на ўступленне ў Еўрасаюз.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі