Elbow рыхтуюць сакавіцкі рэліз

Брытанскія альт-рокеры Elbow распавялі аб падрабязнасцях свайго новага, чацвёртага па ліку студыйнага альбома.
Кружэлка, якая атрымала назву «The Seldom Seen Kid», трапіць у рукі прыхільнікаў 17 сакавіка. Па словах музыкантаў, альбом з'яўляецца своеасаблівым прысвячэннем сябру каманды Браяну Клэнсі, які памёр два гады таму.

«Мы вельмі ганарымся гэтай працай, - кажа фронтмэн калектыву Гай Гарві. - І болей за ўсё тым, што дасягнулі адменнага выніку, прадзюсуючы дыск без нічыёй дапамогі». Як паведамляе музыкант, функцыі прадзюсара ўзяў на сябе клавішнік гурта Крэйг Потэр.

«The Seldom Seen Kid» стане першым рэлізам гурта на лэйбле Fiction, з якім музыкі падпісалі кантракт у мінулым годзе пасля завяршэння сямігадовага супрацоўніцтва з рэкордынгам V2.

Апошнім на сёння рэлізам Elbow з'яўляецца выдадзены ў 2005-м годзе альбом «Leaders of the Free World».