Эл Джэро: Я прыеду да вас яшчэ разоў 20!

“Я вырас пры такім надвор’і, як у вас, катаўся на каньках і лыжах, таму прызвычаіўся да яго. Для мяне гэта выдатна”, - такім чынам распачаў Эл Джэро прэс-канферэнцыю, якая адбылася ў малой зале філармоніі напярэдадні канцэрта выбітнага джазмэна ў Беларусі.

Эл Джэро падаўся шчырым і простым у стасунках чалавекам, філосафам і гумарыстам. На кубак кавы, калі б меў машыну часу, спадар Эл запрасіў бы Элтана Джона ды Ігара Стравінскага, музыкі разам бы вырашалі актуальныя пытанні наконт працэсаў стварэння музыкі.

Эл Джэро: “Гэта б быў вельмі вялікі кавовы стол. Я б хацеў сустрэцца з Майлсам Дэвісам, Джонам Ленанам, Ігарам Стравінскім, Мікеланджэла, і падзяліцца з імі сваімі думкамі наконт таго працэсу, як мы што-кольвек робім, пра той шчаслівы час, калі мы ствараем. Рабіць нешта – гэта досыць спецыфічна, незвычайна, гэта тое самае, як будаваць нешта новае, напрыклад, чалавек, які для сваёй кватэры падбірае інтэр’ер, мэблю, і думае, пасуе яму гэта, ці не”.

Музыка не раз падкрэсліў, што ён робіць тое, што яму падабаецца, а карані яго захаплення ляжаць у далёкім дзяцінстве, калі маленькі Эл хацеў быць такім жа класным спеваком, як яго старэйшы брат.

 Эл Джэро: Я хацеў спяваць, як мой брат, які быў старэйшы за мяне на 12 гадоў, які быў надзвычай папулярным. Ён вельмі добра спяваў, на жаль, зараз ён спявае недзе на нябёсах. Я пачаў спяваць у 5 гадоў у царкве, у 18-19 гадоў я працягваў спяваць у царкве, потым спяваў у вышэйшай школе, вывучаў класіку і музыку Брадвею. Магчыма, менавіта тады я пачаў марыць пра тое, што раблю зараз. Я займаюся сваім мастацтвам не таму, каб гэтым зарабляць, а для таго, каб бачыць усмешкі людзей, бачыць, як нехта танчыць пад маю музыку”.

Па просьбе музычнага крытыка Алега Клімава, Эл Джэро даў адзнаку сучаснаму джазу.

Эл Джэро: “Трэба памятаць, што джаз – гэта жывая музыка, якая дыхае, жыве і развіваецца. Зразумела, што джаз пастаянна змяняе накірункі, таму любоў да джаза – гэта вызначальнае пачуцце. У 50-60-я пад джаз людзі танцавалі, зараз – гэта персанальнае, інтэлектуальнае мастацтва, якое людзі слухаюць. Джаз ніколі не будзе такім, як раней, бо ён жывы. Выкананне джаза падобна на маляванне, прычым маляванне на публіцы – калі людзі глядзяць і сочаць за тым, што робіць мастак. Так і джазмэн стварае джаз літаральна на сцэне”.

Адказ на пытанне наконт музыкі, якую слухае Эл Джэро ў вольны час, выклікаў усмешкі ў зале.

Эл Джэро: У маім аўтамабілі - цішыня, нічога! Мне трэба часам адпачываць ад музыкі. Калі ўвесь час церці шклянкай па руце(паказвае), у выніку вы не зможаце адчуваць нічога гэтай часткай скуры. Тое самае, калі слухаць музыку паўсюль – у машыне, дома, у доктара, у самалёце – музыку проста перастанеш адчуваць. Кожны з нас аднойчы ад нечага стамляецца. Таму мне патрэбная цішыня. Раней я слухай музыку ўвесь час. Зараз час змяніўся, таму мне хочацца цішыні, мне хочацца пабыць на самоце, паслухаць гэтую цішыню.

Нягледзячы на жаданне часам слухаць цішыню, Эл Джэро збіраецца гастраляваць як мінімум да 90 гадоў і яшчэ разоў 20 прыехаць у Беларусь!

Эл Джэро: Што такое аднойчы? Я прыеду да вас яшчэ 20 разоў! Яшчэ 100 разоў! Я сябе выдатна адчуваю! Часам мне падаецца, што мне трэба быць кепскім хлопцам, каб пра мяне больш пісалі ў газетах. Гісторыя пра мае праблемы са здароўем насамрэч занадта перабольшаная. Я адчуваю сябе выдатна, я раблю новы комплекс практыкаванняў, прытрымліваюся здаровай дыеты, у мяне выдатныя лекары, я намагаюся больш адчуваць. Чаму б не прыехаць сюды ў 85 гадоў!? Фрэнк Сенатра гастраляваў нават у 90-гадовым узросце!

Эл Джэро абверг чуткі пра сваю нібыта вялікую калекцыю старых аўто – іх у музыкі толькі два – 49 і 79 гадоў выпуску, утрымліваць іх дастаткова складана, а каб ездзіць на іх – даводзіцца быць гімнастам – адна праблема, сесці за руль, чаго каштуе!

Напрыканцы Эл Джэро выказаў спадзеў, што яго канцэрт дазволіць беларусам убачыць іншую Амерыку і зымправізаваў прывітанне Беларусі.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі