Экс-вакалістка Morcheeba запісала другі сольны альбом

Экс-вакалістка Morcheeba Скай Эдвардс (Skye Edwards) прэзентуе публіцы свой другі сольны альбом. На пласцінку пад назвай “Keeping Secrets” трапілі 10 трэкаў, частку з якіх ужо можна паслухаць на MySpace-старонцы спявачкі.

Па словах 35-гадовай выканаўцы, рыхтаваць матэрыял для новага альбома яна пачала яшчэ ў 2007-м годзе, калі знаходзілася ў турнэ ў падтрымку дэбютнага сольніка “Mind How You Go”. “Я не адчувала ніякага прэсінгу, мне не трэба было нікуды спяшацца, - тлумачыць Скай. – Таму і запіс атрымаўся вельмі расслабленым і арганічным”.

У працы над “Keeping Secrets” спявачцы дапамагалі прадзюсеры Алексіс Сміт і Айвар Гест. Сааўтарамі матэрыялу для новай пласцінкі сталі даўнія калегі Скай Стыў Гордан і гітарыст яе канцэртнай групы Джон Робертсан.

Зараз “Keeping Secrets” даступны выключна на iTunes. Як тлумачыць сама спявачка, у разгар працы над альбомам загадалі доўга жыць адразу два лэйблы, на якіх ён выдаваўся – еўрапейскі Karova і амерыканскі Cordless, таму цяпер яна знаходзіцца ў пошуку новых рэкордынгавых партнёраў і не губляе надзеі, што ў хуткім часе яе пласцінка выйдзе і на CD.

Фота: www.afisha.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі