Экс-гітарыст Kiss запісвае сольнік

Гітарыст арыгінальнага складу Kiss Эйс Фрэйлі (Ace Frehley), які пакінуў калектыў у 2002 годзе, завяршае запіс сольнага альбома. Плытка, рэліз якой чакаецца ў красавіку, стане першай самастойнай працай Эйса з моманту выхаду альбома «Trouble Walkin'» у 1989 годзе. «Падчас запісу новага матэрыялу я спрабаваў вярнуць тыя адчуванні, з якімі запісваў свой першы сольнік («Ace Frehley» 1978), - кажа гітарыст. - У новым альбоме, падаецца, ёсць усё тое, што падабалася маім фэнам, - стромкія інструментальныя партыі, цяжкія гітары і прыемная разнастайнасць стыляў».

Перамовы з патэнцыйнымі выдаўцамі пакуль што безназоўнага дыска яшчэ не завершаныя. Перад тым як дыск з'явіцца ў музычных крамах, Эйс Фрэйлі абяцае выкласці новыя песні для азнаямлення на ўласны сайт.

Музыка планаваў завяршыць працу над альбомам да 20 лютага, калі павінен стартаваць яго амерыканскі гастрольны тур. Але 6 лютага ў сям'і Эйса здарылася гора - памерла яго маці Эстэр (Esther Frehley). Ці будзе зменены гастрольны графік рокера з-за жалобы, пакуль не вядома.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі