Джоан Роўлінг прызнаная самай дарагой пісьменніцай

Брытанская пісьменніца Джоан Роўлінг, аўтар кніг пра Гары Потэра, прызнаная самай высокааплочваемай пісьменніцай у свеце паводле версіі амерыканскага часопіса Forbes.  Роўлінг штосекунду зарабляе $9. Летась яна зарабіла $300 млн. Яе прыбыткі ў шэсць разоў перавышаюць прыбытак пісьменніка Джэймса Патэрсана, які заняў другое месца ў рэйтынгу.

Прыбыткі аўтара Гары Потэра перасягнулі ўсю суму грошай, заробленую летась дзевяццю самымі прадаваемымі пісьменнікамі свету. Роўлінг абыйшла такіх майстроў дэтэктыўнага жанру як Стывен Кінг, які апынуўся на трэцім месцы з 45 мільёнамі, і Джон Грышэм, які заняў шосты радок рэйтынгу.

Як адзначае Forbes, "менавіта чараўніцтва ператварыла Джоан Роўлінг з маці-адзіночкі ў аўтара бэстсэлераў і мільярдэра". Першая кніга "Гары Потэр і філасофскі камень" была надрукаваная Роўлінг на старой машынцы і выйшла ў 1997 годзе. Ужо ў 2005 пісьменніца была прызнаная айбагацейшай жанчынай Вялікабрытаніі, а "Філасофскі камень" за дзесяць год зарабіў $300 млн.

Агульны наклад кніг пра Гары Потэра - каля 400 млн асобнікаў, перакладзеных на 67 моваў. Апошняя на сёння кніга з серыі "Ракавыя мошчы" прададзеная ў свеце ў колькасці 44 млн асобнікаў, хоць выйшла гэтым летам. Толькі за першыя 24 гадзіны было прададзена 15 млн кніг.

Нагадаем таксама, што 17 ліпеня 2009 году на экраны выйдзе шосты фільм пра хлопчыка-чараўніка "Гары Потэр і Прынц-паўкроўка". Пяць фільмаў, якія ўжо выйшлі на экраны сабралі агулам у сусветным пракаце $4,5 млрд.

У планах кінематаграфістаў - зняць яшчэ два фільмы па апошняй кнізе пра Гары Потэра - "Гары Потэр і Дарункі Смерці". Варта адзначыць, што Джоан Роўлінг таксама ўвайшла ў лік найбагацейшых жанчын Еўропы.

фота: www.ipadrblog.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі