Дзень касманаўтыкі ад Euthanasia — сціплая паці на чатыры танцполы

  Нядзельная вечарына атрымалася надзвычай маштабная, насычаная і…бязлюдная.
Каб правесці бязглуздую, танцавальную ноч, мелася чатыры танцполы: драм-энд-бэйс, псіхадэлічны транс, электра і чылаўт.

На пачатку не хапала толькі лёгкага масавага псіхозу, калі сотні чалавек адначасова аддаюцца музыцы.  І такі адрыў  уласцівы мерапрыемствам промагрупы Euthanasia (Эўтаназія). Менавіта яго ўсе і чакалі.



А пакуль можна прыглядзецца. У тым ліку, да дызайну. У адрозненні ад штотыднёвых мінскіх тусовак,  рэйвы Euthanasia маюць атмасфернасць. Танцпол драм-энд-бэйс, напрыклад, быў ахутаны дымам і насычаны лазерамі. Здзівіла і адсутнасць “левых” людзей, якімі звычайна насычаны гарадскія паці.



Калі ісці на гукі транса, то пачынаеш адчуваць дзіўныя пахі. Клей? Не, гэта пах свежых фарбаў – вынік дзённай працы дызайнераў. Дэкор радуе. Паўсюдна псіхадэлічныя грыбы (не сапраўдныя!) і флюарысцэнтны пыл, якім можна лёгка сябе размаляваць.



Таксама Euthanasia не забываецца на свае карані. Танцпол электра на гэты раз быў упрыгожаны надпісамі “СССР”. Касмічную талерку менавіта з гэтымі літарамі можна было бачыць з кропкі Х. Менавіта так Еўрарадыё абазначыла месца ў чылаўце, дзе злівалася музыка адразу з трох танцполаў і адчуваліся басы чацвёртага. 



Дарэчы, адпачывалі людзі не толькі ў чылаўце. Паснуўшыя тусоўшчыкі распаўзліся па ўсіх танцполах. Мабыць таму, што ўжо пераваліла за 02:00, а лёгкі масавы псіхоз так і не пачаўся.



Як і раней, танчылі толькі 4,5 чалавекі. Як і раней, басы транса адбіваліся ад сцен і, нескарыстаныя, вярталіся назад дыджэю. На "драм-энд-бэйс" людзей было больш. Але гэта не перашкодзіла "Дню касманаўтыкі" ператварыцца ў сяброўскую тусоўку на чатыры танцполы.



Але хіба гэта дрэнна? Часта промагрупу Euthanasia папракаюць сумнеўным кантынгентам на мерапрыемствах. Мабыць, у суботу была дасягнута мэта: добрая музыка,  зручныя і прыемныя танцполы і ніякай "пацанвы".

































Фота: Таранціна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі