Depeche Mode "Delta Machine"

Фанаты Depeche Mode добра ведаюць: кожныя 4 гады каралі synthpop абавязкова радуюць альбомам. З "Delta Machine" гурт завяршае трылогію, якую прадзюсаваў Бэн Хілер, і развітваецца з самім Хілерам. Яна пачалася ў 2005 годзе з альбома "Playing The Angel" і працягнулася "Sounds Of The Universe" у 2009-м. Складана зразумець тых, хто кожны раз патрабуе ад Гора з Гэханам новы "Violator", а атрымлівае тое, што атрымлівае. Але яны па-ранейшаму не перавяліся.

Характар "Delta Machine" музыкі акрэслілі ўжо ў назве. "Delta" адпраўляе да блюзавага складальніка альбома, а "Machine" — да традыцыйнага электроннага саўнда Depeche Mode. Музыкі лічаць, што блюзавы ўплыў чутны у многіх песнях гурта, пачынаючы якраз з "Violator". Але цяпер — на ўсялякі выпадак — яны ўсяго падкрэслілі гэта ў назве.

Альбом распачынаецца навязлівымі шумамі, якія кантрастуюць з нечакана ціхім барытонам Дэйва Гэхана. З мінімалістычнага інтра кампазіцыя "Welcome to my world" пераўтвараецца ў шматгалоснае запрашэнне ў дзяржаву Depeche Mode: "welcome to my world / leave your tranquilisers at home / you don't need them any more". І хоць, здаецца, пасля 12-ці альбомаў мы ўжо добра ведаем, што такое свет Depeche Mode, але гэтым трэкам музыкі запэўніваюць: "Delta Machine" — прастора, пра якую вы нічога не ведаеце. Кампазіцыя нібыта адкрывае накірунак у славутую "цемру", дзе тэмы пекла/д’ябал/анёл/душа/нябёсы/каханне/мары/кроў/кантроль і г.д. па-ранейшаму актуальныя.

welcome_to_my_world.mp3

Наступны крок у напружаны рок-баевік — "Angel". Менавіта гэтай кампазіцыяй Depeche Mode анансавалі выхад альбома некалькі месяцаў таму. "Angel" адметны цудоўнымі клавішнымі партыямі. Часам здаецца, што ў тым, якія гукі выдае ў "Angel" сабраная музыкамі армія аналагавых сінтэзатараў, хаваецца амаль фізічнае задавальненне.

angel.mp3

Праскочыўшы праз блюзавую баладу "Heaven" з драматычным госпелам Гэхана ды электронны трэк-прывітанне з 1980-х "Secret To The End", трапляем у эксперыментальную і мінімалістычную "My Little Universe". Гэта і тыпова дэпешмодаўская, і зусім нечаканая, інавацыйная канструкцыя адначасова. Апошнюю хвіліну "My Little Universe" Depeche Mode увогуле дражняцца: ты толькі пачынаеш адчуваць сябе часткай пульсуючага, моцнага танцпола, як песня нечакана заканчваецца. Дзе ж славутыя 7-хвілінныя трэкі, калі яны табе так патрэбныя?

my_little_universe.mp3

У самым сэрцы пласцінкі з’яўляецца летуценны і цягучы блюз "Slow". Блюз, які цудоўна спалучаецца з іншымі кампазіцыямі на альбоме, бо электроніка тут па-ранейшаму дамінуе. Спалучэнне гітарных рыфаў, запамінальнага пройгрыша і сапраўднага блюзавага суму — вельмі спецыфічны від сексуальнай энергіі. У "Slow" Дэйв нібыта становіцца неахайным і падкрэслена эратычным: "slow as I can go / That's how I like it / I don't need a race in my bed / the speed's in my heart ". "That’s how I like it," працягвае Гэхан у рэфрэне, даючы прастору фантазіі: што ж такое гэтае самае "it"?

slow.mp3

"Broken" вяртае да трэкаў кшталту "Behind The Wheel" ці "Little 15" — з рэзкімі бубнамі, цёмнымі намерамі ды лепшымі традыцыямі класічнага сінтпопа. Сапраўдны бальзам для "дэпешыстаў" са стажам. Дарэчы, гэта яшчэ адна кампазіцыія (акрамя "Secret To The End" і "Should Be Higher") аўтарства Дэйва Гэхана. За ёю, нібыта ў працяг, пачынаецца "The Child Inside" — па традыцыі, самая змрочная і ціхая кампазіцыя на пласцінцы належыць Марціну Гору. Калі прадзярэцеся праз яго дэкадэнцкую філасофію, можа, зразумееце, што за дэманы жывуць у падсвядомасці музыкі.

the_child_inside.mp3

У "Alone" Гэхан зноў працягвае барацьбу з грахом і спакусай, зноў ёй прайграе і зноў просіць прабачэння за тое, што "I couldn't save your soul". Бліжэй да канца пласцінкі Depeche Mode вяртаюцца да свайго позняга гучання. Фінальная кампазіцыя з лагічнай назвай "Goodbye" — гэта цалкам аўтэнтычны блюз, які, каб не электронныя аранжыроўкі, мог запісаць хто заўгодна.

alone.mp3

Не набор хітоў, не аўтарскі перфекцыянізм, але поўны эксперыментаў з саўндам і аранжыроўкамі альбом ды проста яшчэ адзін удалы крок ў творчасці Depeche Mode. Трылогія скончаная, пазл складзены. І на тое, каб зразумець, што ж гэтым хацелі сказаць аўтары, у нас ёсць як мінімум 4 гады.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі