Вы тут

ДАІ пра абмеркаванне новых правілаў: "Непрыемна чытаць некаторыя водгукі"

Ілюстрацыйнае фота / pexels.com

15 траўня заканчваецца грамадскае абмеркаванне змен у Правілы дарожнага руху. Новая рэдакцыя ПДР не на жарт усхвалявала кіроўцаў: за два тыдні людзі пакінулі пад ёй каля паўтары тысячы каментарыяў.

“Мы чакалі, што будуць станоўчыя і адмоўныя водгукі. Чакалі, што будуць прапановы — яны заўсёды бываюць. Канструктыў па прапанаваных зменах падчас абмеркавання існуе. Вядома, нас можна лаяць, што мы самі не здагадаліся да нейкіх змен. Але, у рэшце рэшт, усе мы людзі”, — ацаніў заўвагі начальнік аддзела арганізацыі правапрымяняльнай дзейнасці УДАІ МУС РБ Аляксандр Занімон.

14 траўня прадстаўнікі ДАІ правялі круглы стол, на якім распавялі, як ставяцца да прапанаваных грамадзянамі змен.

Самае абмяркоўваемая і супярэчлівая змена

Больш за ўсё кіроўцаў турбуе норма, па якой інспектары ДАІ атрымаюць права спыняць любы аўтамабіль проста для праверкі дакументаў. Вадзіцелі ўбачылі ў гэтай норме магчымасць для супрацоўнікаў ДАІ злоўжываць сваімі паўнамоцтвамі і перспектывы для карупцыйнай дзейнасці. Аднак Аляксандр Занімон лічыць, што пытанні з нагоды прычын спынення ўзнікаюць толькі ў вельмі вузкай катэгорыі людзей, якія хочуць паспрачацца з інспектарам або сысці ад адказнасці:

"Гэтая норма ніякім чынам не паўплывае на колькасць спыненняў транспартных сродкаў. Мы працуем над тым, каб увогуле як мага радзей спыняць транспарт. Аднак у мяне ніколі не было сумневаў, што інспектары маюць права спыняць, — удакладяе Занімон. — Як [ня спыняючы аўтамабіль] вызначыць некаторыя парушэнні — наяўнасць правоў, стан ап'янення? Нецвярозыя ж самі да нас не прыйдуць!

Каб правесці агляд, трэба, каб былі прыметы. Але як можна выявіць прыметы, ня спыніўшы транспартны сродак? Як па-іншаму рэалізаваць гэтыя функцыі? Інспектары могуць казаць пры спыненні: "Прычына спынення — праверка на прадмет нецвярозага кіравання, законнасці кіравання", але чым гэта адрозніваецца ад фармулёўкі:" Калі ласка, прад'явіце дакументы"? Далейшы ход дзеянняў не змяняецца”.

Веласіпедыстаў хочуць пусціць на праезную частку. Але толькі на ціхіх вуліцах

“Калі прайсціся па ўсім корпусе змяненняў ПДР, якія тычацца веласіпеднага руху, то там зняты шэраг супярэчнасцей, якія былі. Ёсць такія паляпшэння, як магчымасць не спешвацца на пешаходным пераходзе. Але ўводзіцца больш жорсткая норма — абавязковая наяўнасць на веласіпедыстах святлоадбівальнай камізэлькі на загарадных дарогах у цёмны час сутак”, — пералічвае старшыня праўлення Мінскага веласіпеднага таварыства Павел Гарбуноў.

Сярод іншых змен: уводзіцца так званая "Зона 30". Гэта магчымасць дазваляць рух веласіпедыстаў па праезнай частцы на ціхіх вуліцах. “Так, у гэтым праекце пакуль няма дазволу веласіпедыстам рухацца [па праезнай частцы] на ўсіх вуліцах, гэта пакуль працэс паступовы. Па сутнасці "Зона 30" дазволіць мясцовым ДАІ самастойна вырашаць, якія вуліцы бяспечныя для агульнага руху, і ствараць такую інфраструктуру ў сваіх гарадах”, — тлумачыць Гарбуноў.

Аляксандр Занімон дадае, што калі пайсці на павадку ў тых, хто прапаноўвае дазволіць ездзіць веласіпедыстам па праезнай частцы, то ў Беларусі ніколі не будзе веладарожак:

“Навошта рабіць веласіпедныя дарожкі, калі можна ехаць па краі праезнай часткі? Калі мы прыбіралі веласіпедыстаў з праезнай часткі, мы ведалі, што гэта будзе непапулярная мера. Але давайце развіваць гэтую інфраструктуру разам. Гэта не справа выключна выканкаму ці дзяржаўнай інспекцыі. Гэта агульная справа. А мы гатовыя ісці насустрач”.

Паводле яго слоў, многім не падабаецца, што ДАІ малюе веласіпедныя дарожкі на тратуары, але сёння іх нельга маляваць на праезнай часткі. “І зараз толькі два шляхі ёсць: альбо маляваць на тратуары, альбо не маляваць наогул. Паступова мы прыйдзем да таго, што веласіпедныя палосы будуць вылучацца не за кошт тратуара, а за кошт праезнай часткі. Але гэта вельмі вялікія затраты”, —канстатаваў Занімон.

Пешаход ў Беларусі расслаблены

На думку старэйшага інспектара па асаблівых даручэнні УДАІ МУС Станіслава Салаўя, зараз пешаход у Беларусі расслаблены. На ім меншая адказнасць, чым на кіроўцах транспартных сродкаў, і на тое ёсць прычыны:

"10-15 гадоў таму мы пачалі сур'ёзна падыходзіць да няпропуску пешахода. Зараз лічбы паказваюць, што значна менш людзей стала гінуць і атрымліваць траўмы. Мы прымусілі вадзіцеляў быць больш уважлівымі. Але, вядома, застаюцца і пешаходы, якая не выконвае ПДР пры пераходзе дарогі.

Наконт таго, каб забраць нейкія перавагі ў пешаходаў, гэта досыць складаная грань, таму што пешаходы гэта і дзеці, і старыя, і школьнікі".

Пры гэтым прадстаўнікі ДАІ падкрэсліваюць, што "меншая адказнасць" зусім не азначае, што пешаходаў не прыцягваюць за парушэнні правілаў:

“Адказнасць пешахода — гэта мінімум адна базавая велічыня. Каля 350 тысяч пешаходаў былі прыцягнуты за парушэнні правілаў дарожнага руху, гэта дзясятая частка ўсіх парушэнняў ПДР. І не варта забываць, што пешаход зараз — самая ўразлівая катэгорыя ўдзельнікаў дарожнага руху. Таму што не так часта здараюцца з кіроўцамі смяротныя выпадкі, як з пешаходамі”, — падкрэсліў Аляксандр Занімон​.

А што са штрафамі за перавышэнне?

За мінулы год з 3 мільёнаў парушэнняў правілаў дарожнага рухаў палова — фотафіксацыя парушэнні хуткасці:

“Быццам стаіць камера. Быццам папярэджваем кіроўцу. І ўсё роўна паўтара мільёна парушэнняў у год. Я ўжо чуў, што людзі ўкладаюць у свой месячны бюджэт будучыя штрафы за перавышэнне хуткасці. Што яны ўжо прывыклі да камер, што плацяць гэтыя штрафы, як за платныя дарогі”, — дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Занімон.

Колькасць штрафаў за перавышэнне хуткасці не памяншаецца, а з-за ўсё большага распаўсюджвання фотакамер толькі павялічваецца. Менавіта так прадстаўнікі ДАІ тлумачаць, што трэба ўвесці бальную сістэму для ацэнкі дзеянняў і парушэнняў кіроўцаў.

Жыццё пасля грамадскага абмеркавання

Пакуль не вядома, калі будзе прыняты законапраект са зменамі ў Правілы дарожнага руху. Аляксандр Занімон яшчэ не гатовы назваць дакладную дату:

"Па заканадаўстве мы павінны апублікаваць абагульненыя вынікі абмеркавання на тым жа форуме. Але зусім іншая праца, больш карпатлівая, будзе звязана з тым, што трэба прааналізаваць ўсе моманты, якія там выкладзеныя і якія сапраўды маюць канструктыўны характар. Магчыма, там будзе думка нейкая, якая будзе рэалізавана не такім шляхам, як прапануе аўтар, а шляхам карэкціроўкі нейкіх іншых палажэнняў.

Вы ж разумееце, што 150 старонак абмеркаванняў на форуме трэба прачытаць, паглядзець і абмеркаваць. Непрыемна чытаць некаторыя водгукі, але ёсць і тлумачальныя. Сёння мы выйшлі на пэўныя праблемы, якія трэба вырашыць. Досыць складана сказаць, наколькі хутка гэты законапраект пройдзе. Мы пастараемся зрабіць гэта па магчымасці хутчэй".