Coldplay выдаюць "Славу Жыццю"

Брытанцы Coldplay нарэшце абвясцілі афіцыйную назву свайго новага, чацвёртага па ліку студыйнага альбома, які з'явіцца сёлета ўвесну.
Працоўны загаловак «Prospekt» ператварыўся ў «Viva la Vida» ("Слава жыццю"). Такім чынам музыкі пазначылі ўплыў культуры Паўднёвай Амерыкі на сваю новую працу, пра што папярэджвалі публіку яшчэ летась.

Паводле словаў вакаліста Coldplay Крыса Марціна, дыск названы ў гонар адной з карцін знакамітай мексіканскай мастачкі Фрыды Кало, якая яшчэ дзяўчынкай перанесла сур'ёзную хваробу, з-за чаго ўсё жыццё пакутавала. А ў 18-гадовым узросце мастачка трапіла ў аварыю і стала інвалідам. Памерла яна ў 1954-м годзе, так і не атрымаўшы належнага прызнання.

Крыс Марцін дадаў, што «Фрыда прайшла праз шматлікія пакуты, але гэта не зламала яе дух. Немагчыма не захапляцца мужнасцю гэтай жанчыны. Няхай усе думаюць, што новы дыск названы ў гонар Рыкі Марціна і яго песні Living La Vida Loca - усё роўна. Гэта ўжо не першы раз, калі ўзнікаюць непаразуменні наконт прыдуманых гуртом Coldplay назваў».

Нагадаю, што на пачатку кар'еры Coldplay насілі назву Pectoralz, а двух дзяцей Крыса Марціна клічуць Яблык (Apple) і Маісей (Moses).

Дадам, што трэк-ліст альбому «Viva la Vida» будзе абвешчаны крыху пазней, а яго выхад запланаваны на 17 чэрвеня.


Фота: www.lyricinterpretations.com