Ці будзе Масква і далей спрабаваць размясціць сваю авіябазу ў Беларусі?

Ці будзе Масква і далей спрабаваць размясціць сваю авіябазу ў Беларусі?

Еўрарадыё: Пасол Расіі ў Беларусі Суркоў заявіў, што расійская ваенная база ў Клінцах, на мяжы з Беларуссю, неабходная на выпадак супрацьстаяння пагрозе з боку Украіны…

Вадзім Скібіцкі: Расія апошнім часам рэалізуе свае планы ў Заходняй ваеннай акрузе, на заходніх межах – у бок NATO. Калі прыгадаць савецкія часы, то гэта класічная пабудова моцнай групоўкі з рэзервамі і магутнымі танкавымі групамі, якія дазваляюць праводзіць наступ і контрнаступ. І калі першапачаткова планавалася на заходнім накірунку проста разгарнуць тры брыгады, то сёння гэтыя планы змяніліся і Расія ў складзе 1-й танкавай арміі і 20-й агульнавайсковай арміі разгортвае непадалёк ад межаў з Украінай тры паўнакроўныя дывізіі.

Што да Клінцоў, то туды перакінутая 28-я мотастралковая брыгада, на базе якой будуць створаная два мотастралковыя палкі. Пазней будзе адноўленая 144-я дывізія з дыслакацыяй у Смаленску і 3-я дывізія, якая размесціцца бліжэй да Багучара.

Мы рэальна разумеем, што на тэрыторыі Украіны ідзе першая фаза супрацьстаянні Расіі з NATO. І дывізіі, якія ствараюцца, гэта, па сутнасці, – рэзерв, які можа быць уведзены ў баявыя дзеянні пры больш шырокамаштабным наступе на тэрыторыю Украіны. Тыя два корпусы, што створаныя на акупаваных тэрыторыях, трымаюць абарону і могуць праводзіць асобныя лакальныя наступы на пэўных накірунках, але без дапамогі Расіі больш шырокага наступу на тэрыторыі Украіны здзейсніць не могуць. Менавіта таму зараз і разгортваюцца гэтыя пастаянныя групоўкі непадалёк ад межаў з Украінай.

Еўрарадыё: У вас ёсць падставы гэтага асцерагацца?

Вадзім Скібіцкі: На пачатку канфлікту фактычна ў гэтых жа раёнах разгортваліся гэтыя ж брыгады: і 23-я, і 9-я, і 28-я. Тады яны перакідваліся для ўзмацнення, для магчымага больш шырокага наступу на Украіну. Як правіла, яны размяшчаліся ў палявых лагерах, на палігонах. І там жа былі створаныя тактычныя групы, якія потым заходзілі ва Украіну. Прыклад? 150-я дывізія будзе фарміравацца ў Новачаркаску Растоўскай вобласці. Там два палігоны: Кадамаўскі і Кузьмінскі. Там зараз адбываецца разгортванне палявых лагераў, дзе будуць месціцца падраздзяленні гэтай дывізіі. Але менавіта там ствараліся батальёны тактычнай групы 15-й і 18-й брыгады, якія потым зайшлі на тэрыторыю Украіны. І, у прынцыпе, пачалі ўзброеную агрэсію. А потым на базе гэтых расійскіх войскаў фарміраваліся два акупацыйных корпусы, якія называюць у так званых ЛНР/ДНР “народная міліцыя”, яшчэ неяк. А рэальна, якія падпарадкоўваюцца Расійскай Федэрацыі і якімі кіруюць з тэрыторыі Паўднёвай ваеннай акругі. Забеспячэнне, узбраенне – усё ідзе з Расіі. Гэта і ёсць новы від гібрыднай вайны.

Еўрарадыё: Мы гаворым пра базу ў Клінцах, але будзе яшчэ база ў Ельне, ад якой да Смаленска “8 гадзін пешшу”…

Вадзім Скібіцкі: Расійскія базы ўздоўж мяжы з Украінай месцяцца за 45-50 кіламетраў ад мяжы – гэта вельмі блізка. Клінцы ўвогуле вельмі для нас небяспечная база, удар з якой можа пасці па поўначы тэрыторыі Украіны. Ці 3-я дывізія, што будзе разгортвацца ў Валуйках за 40 кіламетраў ад нашай мяжы. І, уявіце, колькі там будзе войскаў: калі дывізія цалкам разгорнутая, у яе складзе 10-12 тысяч ваенных.

Еўрарадыё: Лічыцца, што беларуская армія ахоўвае заходнія межы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Узмацненне на мяжы з Беларуссю што азначае: расіяне не давяраюць беларускай арміі, ці што?

Вадзім Скібіцкі: Найперш яны імкнуцца ўзмацніць свой патэнцыял на тым кірунку. Па-другое, адкажыце на пытанне: “Вы гатовыя ваяваць на сваёй тэрыторыі з Еўропай за інтарэсы Расіі?” Я разумею, што ў вас Саюзная дзяржава і гэтак далей, але, як паказвае практыка, інтарэсы Пуціна і яго атачэння нашмат вышэйшыя за інтарэсы яго саюзнікаў.

Еўрарадыё: У 2014 годзе ва Украіне абмяркоўвалася небяспека ўдару па вашай краіне расійскімі войскамі з тэрыторыі Беларусі. Сёння як вы ставіцеся да такой пагрозы?

Вадзім Скібіцкі: Мы не выключаем такога варыянта. Па канонах ваеннага мастацтва вельмі лёгка выкарыстаць тэрыторыю саюзнай дзяржавы менавіта для шырокамаштабнай агрэсіі. Таму не выключаем. Так, Лукашэнка абяцае, што такога не будзе ніколі…

Еўрарадыё: Верыце?

Вадзім Скібіцкі: Пытанне веры тут ні пры чым. У вас жа Саюзная дзяржава – гэта раз. Другое: вельмі шчыльныя эканамічныя і ваенныя сувязі. І я не ведаю, як будзе паводзіць сябе прэзідэнт Лукашэнка, калі на яго з усяе моцы пачнуць ціснуць з Крамля. А ціснуць яны ўмеюць. І мы гэта бачым па дзеяннях Расіі адносна Беларусі, Малдовы і Прыднястроўя, Арменіі – тых краін, над якімі Расіі спрабуе аднавіць свой кантроль.

Еўрарадыё: Улічваючы сказанае – праводзіце разведку ў Беларусі?

Вадзім Скібіцкі: Вядзём ці не, я вам так проста не скажу. Але ўсё, што неабходна для ацэнкі ўзроўню пагрозы з боку тых краін, што мяжуюць з Украінай, асабліва гэта тычыцца Расійскай Федэрацыі, то гэтыя дадзеныя ў нас ёсць.

Еўрарадыё: Ці будзе Масква і далей спрабаваць размясціць сваю авіябазу ў Беларусі?

Вадзім Скібіцкі: Канешне, будзе. Бо гэта – скарачэнне часу рэакцыі баявой авіяцыі падчас магчымага супрацьстаяння з NATO. Гэта Расіі неабходна. Не дарма ж Расія ўзмацняе сваю групоўку ў Заходняй ваеннай акрузе, нарошчваецца групоўка ў Крыме. Паўсюль, дзе магчыма, як мага бліжэй да межаў з Еўропай, адбываецца ўзмацненне груповак, аднаўленне і рэканструкцыя авіяцыйных баз, якія змогуць прымаць войскі.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі