Ці былі ў Беларусі кіслотныя даджы?

Наступствы фосфарнага воблака, што ўтварылася ў выніку пажару ў Львоўскай вобласці, дагэтуль бянтэжаць беларусаў і ўкраінцаў. Нагадаем, што напачатку прадстаўнікі Гідраметэацэнтра прагназавалі невялікія кіслотныя дажджы, напрыклад, па Гомельскай вобласці. Еўрапейскае радыё вырашыла высветліць, ці не прынесла воблака шкоду беларусам, бо літаральна пазаўчора па краіне прайшлі даволі моцныя даджы і навальніцы.
Аднак, першы намеснік міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Апацкі запэўніў нас, што прадукты фосфарнага гарэння нам не пагражаюць. Маўляў, рэальную небяспеку тая катастрофа ўяўляе толькі для Львоўскай вобласці і зусім блізкіх да яе тэрыторыяй. У Беларусі тым не менш сачылі за гэтым пільна, але літаральна нядаўна крыху знізілі абароты:

Апацкі: Ужо разглядаем пытанне, каб змяншаць абароты, каб не несці вялікія выдаткі і не мучыць людзей. Бо мы кругласутачна праз кароткія прамежкі часу здымаем пробы вады, паветра. Да гэтага часу пастаянна трымалі верталёт. Але цяпер ужо не бачым ў гэтым неабходнасці. Нідзе і блізка перавышэння канцэртрацыі не было. Гэта звычайная сітуацыя, бо нават побач з прадпрыемствамі яна бывае большай.

Сапраўды, як высветліла Еўрарадыё ападкі, якія ўтрымліваюць пэўныя адсоткі шкодных рэчываў, сталі ўжо нормай. Спецыяліст па хімічнай бяспецы Яўген Лабанаў аналізуе наколькі часта на Беларусі здараюцца кіслотныя даджы.

Лабанаў: Каб у нас здараліся нейкія сур’ёзныя кіслотныя даджы, я, па шчырасці, апошнім часам не чуў. На конт таго, што яны могуць адбывацца – безумоўна. Бо аксідаў серы, азота, фосфара выбрасваецца вялікая колькасць.

У першую чаргу гэта аўтатранспарт, у другую – нашы нефтахімічныя прадпрыемствы. Назваць гэта даджамі ў класічным сэнсе, якія ахопліваюць вялікую тэрыторыю з адносна сярэдняй канцэнтрацыяй, напэўна нельга. А тое што ўплыў ёсць – гэта бясспрэчна.

Гэтым жа разам, як кажа начальнік аддзела Гідраметэацэнтра Беларусі Анатоль Рабаў, ад кіслотных даджоў Беларусь выратавалі спрыяльныя кліматычныя ўмовы.

Рабаў:
Нам пашчасціла, што спярша быў штыль, а пасля ва Украіне пачаліся дажджы. Усё было, так бы мовіць, за Беларусь (смяецца).

Кіслотныя даджы, наколькі б інтэнсіўнымі яны не былі, прыносяць шкоду глебе і арганізму. Для чалавека яны небяспечныя хімічнымі апёкамі і больш цяжкімі наступствамі, калі рэчывы трапяць ў вочы. Калі з вамі гэта здарыцца спецяліст-хімік Яўген Лабанаў раіць:

Лабанаў:
Прамыць участак растворам шчолачы, у побытавых умовах звычайнай пітной содай, каб нейтралізаваць кіслату.