Ці абрыне беларускую эканоміку ўступленне Расіі ў СГА?

Гарэгін Вардэванян, намеснік дырэктара па
навуковай працы Інстытута эканомікі НАН Беларусі, лічыць, што,  дзякуючы ўступленню Расіі ў СГА палепшацца ўмовы
імпарту, а праблемы будуць адносна дробныя.

120629 Vardevanian_rez.mp3


Еўрарадыё: Якія наступствы можа мець Беларусь ад
уступлення Расіі ў СГА?


Гарэгін Вардэванян: У абмеркаваннях, што разгарнуліся ў СМІ на гэты
конт, надта шмат эмоцый. Гэта не зусім апраўдана. Калі кіравацца канкрэтнымі
лічбамі, проста як факт адзначым, што да таго, як Беларусь уступіла ў Мытны
саюз з Расіяй, узважаны сярэдні ўзровень мыта – то бок узровень унутранай абароны
Беларусі – складаў 8%. У той жа час у Расіі ён раўняўся 13,3%. Пасля ўвядзення
адзінага мытнага тарыфу ў рамках Мытнага саюзу ўзважаны сярэдні ўзровень мыта ў
Беларусі пабольшыўся да 10,7%. Згодна з умоваю, якую Расія мае з СГА, можна
чакаць, што да канца пераходнага перыяду сярэдні ўзровень мытнага тарыфу
павінен скласці 7,5-8%. Як вы самі разумееце, мы вернемся да таго ўзроўню абароны,
якую Беларусь мела да ўступлення ў Мытны саюз.

Таму я не думаю,
што трэба драматызаваць сітуацыю. Калі казаць пра нейкія канкрэтныя таварныя
пазіцыі, якія могуць быць больш адчувальнымі з пункту гледжання Беларусі, – яны
безумоўна ёсць.

Еўрарадыё: А якія гэта пазіцыі?


Гарэгін Вардэванян: Гэта ў асноўным будзе датычыць сельскагаспадарчай
прадукцыі, лекавых сродкаў. Што да буйных таварных пазіцый, як трактары,
аўтамабілі, грузавікі, – гэтыя змены мытнага тарыфу не настолькі вялікія, каб
адбіцца кардынальным чынам на стасунку цэнаў паміж нашымі таварамі на расійскім
рынку і тымі меркаванымі таварамі-заменнікамі, якія могуць зрабіць нам
канкурэнцыю.

Еўрарадыё: Калі казаць пра гэтыя праблемныя
пазіцыі – небяспека пагражае толькі экспарту 
беларускіх тавараў? Ці еўрапейскія
тавары могуць зрабіць канкурэнцыю нашым і на нашым унутраным рынку?


Гарэгін Вардэванян: Безумоўна, ва ўмовах адкрытых межаў нельга
выключаць, што такія таварныя плыні паплывуць і ў нашую краіну. Але, я думаю,
што на ўнутраным рынку ў нас дастаткова легальных спосабаў абараніць унутраны
рынак. Што да расійскага рынку – там паўплываць на сітуацыю кардынальным чынам
мы не можам.

Еўрарадыё: Адмыслоўцы адзначаюць, што чарговай
небяспекай можа стаць адплыў інвестыцый. У Расіі праз высокі ўзровень
бюракратыі цяжка адкрыць сваю фірму. Цяпер, калі Расія ўступіла ў СГА,
інвестары пачнуць не адкрываць фірмы ў Расіі, а проста прывозіць свае тавары
з-за мяжы. Ці істотная  гэта праблема?


Гарэгін Вардэванян: Выходзячы з міжнароднага досведу можна
казаць, што калі краіна ўступае ў СГА, то, як правіла, адбываецца адваротны працэс:
плынь інвестыцый у краіну якраз павялічваецца. Аб гэтым сведчыць досвед Кітая –
пасля ўступлення ў СГА ўзровень інвестыцый у іх, калі я добра памятаю, вырас на
30%.

************

А вось незалежны
эканаміст Алесь Лукашэвіч лічыць, што наступствы ўступлення Расіі ў СГА могуць
быць для нашай краіны катастрафічнымі.

120822 Lukashevich_site.mp3

Еўрарадыё: Некаторыя спецыялісты кажуць, што
ніякай небяспекі для Беларусі ад уступлення Расіі ў СГА няма, бо, уступаючы ў
Мытны Саюз, Беларусь так падняла свае мытныя планкі, што цяпер проста апусціць
іх на ранейшы ўзровень. Ці гэта праўда, на вашу думку?


Алесь Лукашэвіч: Вядома, што пэўныя планкі будуць паніжацца: цягам
7-і гадоў да 15% мае панізіцца мыта на аўтамабілі з-паза межаў Мытнага Саюза.
Але трэба сказаць, што перадусім мы набываем сабе шмат праблемаў і няшмат карысці.
Карысць датычыць перадусім грамадзянаў Беларусі, якія маюць стабільную працу,
якая не залежыць ад дзяржавы. Калі павышаецца канкурэнцыя – паніжаецца агульны
ўзровень цэнаў. То бок будуць таннейшыя, напрыклад, прадукты харчавання. Але
што ад гэтага будуць мець людзі, якія цалкам залежаць ад дзяржавы? У нас
дзяржава займае больш за 80% удзелу ў эканоміцы. Калі ўдвая павысіцца
беспрацоўе (цяпер па неафіцыйных звестках яго ўзровень – 19%), уявім сабе 40%
беспрацоўя – ну і патаннелі крыху памаранчы.

Еўрарадыё: Які механізм можа спрычыніцца да таго,
што вырасце беспрацоўе?


Алесь Лукашэвіч: Механізм вельмі просты. Ён палягае ў наступным.
Расія – гэта краіна з вельмі высокім узроўнем карупцыі. Калі Расія ўступае ў
СГА – ніводзін цвярозы заходні інвестар не будзе адкрываць фабрыкі ў Расіі, бо
з кожных 100 долараў – 80 ідзе на нейкі хабар: чыноўнікам мясцовай адміністрацыі,
уверсе, на мяжы і г. д. Адпавенна ў Расіі проста пачнуць прадаваць сваю
прадукцыю, вырабленую на Захадзе, у Азіі – імпартаваць, а не будаваць заводы.
Калі прасцей імпартаваць, а не будаваць заводы – падрастае канкурэнцыя для
саміх расійскіх заводаў, тыя інвестары, якія ўжо працуюць, не будуць
вытрымліваць цэнавай канкурэнцыі з тымі, хто завозіць тавары з-за мяжы ды
прадае іх як імпарт. Зачыняцца прадпрыемствы ўнутры Расіі і не будуць адчыняцца
новыя. Новыя тэхналогіі могуць прыйсці ў эканоміку, калі яна не сыравінная.
Расійская эканоміка – гэта эканоміка перш за ўсё сыравінная. Уступленне ў СГА
перш за ўсё патрэбнае алігархам, чыноўнікам, якія сядзяць на вентылі з газам ці
нафтай. А для шараговага расійскага грамадзяніна гэта стварае пэўныя праблемы.

Еўрарадыё: Сканцэнтруемся ўсё ж такі на праблемах
у Беларусі. Я так разумею, што беспрацоўе вырасце перш за ўсё ў Расіі?


Алесь Лукашэвіч: У Расіі вырасце беспрацоўе, вырасце канкурэнцыя
на расійскім рынку, беларускія тавары не будуць прадавацца на расійскім рынку,
а Расія – гэта краіна прызначэння нашага экспарту перадусім, калі казаць пра
тавары і паслугі. А цяпер туды прыйдзе польскае мяса, аўстралійскае мяса,
пацячэ малако з Фінляндыі… Гэта ўсё робіць нас няздольнымі канкураваць, а гэта
значыць, што ў Беларусі трэба будзе скарачаць занятасць насельніцтва. Узнікне
патрэба прыцягнуць інвестыцыі ў Беларусь, але ніхто прыцягваць інвестыцыі ў
Беларусь не збіраецца. Мы будзем мець сітуацыю, што павышаецца канкурэнцыя,
змяншаецца попыт на нашы тавары, нам трэба будзе нешта рабіць, а мы рабіць
нічога не можам. Застанецца толькі чакаць, калі адбудзецца нейкі сацыяльны
выбух, бо досвед назірання за кіраваннем першага прэзідэнта паказвае, што ён
прынцыпова ад свайго стылю кіравання не адыходзіць.

Еўрарадыё: Гарэгін Вардэванян казаў, што “буйнога”
экспарту (мазаў, трактараў і г. д.) гэта не закране. Ударыць толькі па малацэ,
мясе і г. д., але гэта не так страшна.


Алесь Лукашэвіч: Чаму? Гэта ўдарыць вядома і па буйной
прамысловасці. Ёсць нямецкія адпаведнікі МАЗаў, шведскія БелАЗаў – яны стануць
нашмат таннейшыя для расійскага рынку. 
Нават калі яны будуць даражэйшыя за БелАЗы – яны ўсё роўна не будуць так
дарагія як цяпер. Гэта вельмі сур’ёзна адаб’ецца на прадпрымальніках. Трэба
разумець, што прадпрымальнікі гандлююць дробнымі таварамі: харч, вопратка і г.
д. А ўсё гэта могуць нашмат танней прадаваць дыстрыбутарскія сеткі. На змену
ўсім дробным гандлярам, рынкам, шапікам, прыходзяць буйныя сеткі, якія адразу
прадаюць гэта ў Расію, а пазней праз Расію яны прыдуць і ў Беларусь. Мы не
зможам стварыць уласныя гандлёвыя сеткі, бо праз Расію да нас прыйдзе і Carrefour, і рэшта асноўных сетак. Нашыя прадпрымальнікі апынуцца
ў вельмі складанай сітуацыі. Ад першага студзеня для іх уводзіцца новы
законапраект аб абавязковай сертыфікацыі прадуктаў, якія яны прадаюць. З
наступнага года дзясяткі тысяч чалавек могуць спыніць сваю прадпрымальніцкую
дзейнасць.

Еўрарадыё: Колькі часу спатрэбіцца, каб Беларусь
адчула ўсе тыя эфекты, якія вы апісалі?


Алесь Лукашэвіч: Першыя паўтара-два гады гэта будзе адбывацца
паволі, а пасля адбудзецца такі гвалтоўны рост канкурэнцыі, што беларуская
эканоміка абрынецца. Будзе банкроцтва за банкроцтвам акурат перад прэзідэнцкімі
выбарамі.

Фота: http://fed.sibnovosti.ru