Чым растлумачыць зверствы садыстаў на вайне ва Украіне?

Каму вайна, а каму і пляцоўка для рэалізацыі садысцкіх задум / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Каму вайна, а каму і пляцоўка для рэалізацыі садысцкіх задум / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Тэлеграм-каналы абляцела відэа, на якім мужчына арудуе канцылярскім нажом каля геніталій звязанага чалавека ў камуфляжы, які ляжыць на зямлі. Украінскія СМІ пішуць, што садыст з нажом — расійскі вайсковец. Яму дапамагаюць іншыя людзі ў форме. Пасля здзекаў ляжачаму чалавеку страляюць у галаву і адвалакваюць на вяроўках.

 

Ці можна зразумець, апраўдаць садысцкія паводзіны на вайне?

— Зразумець матывы, чаму вайскоўцы так робяць, можна. Але апраўдаць нельга, — расказвае Еўрарадыё псіхолаг Наталля Скібская. — Напрыклад, у Пуціна і Лукашэнкі было нялёгкае дзяцінства. Ці апраўдвае гэта іх паводзіны? У сваёй галаве мы можам фантазіраваць усё што заўгодна. Пытанне толькі ў рэалізацыі. Калі б Пуцін сядзеў, фантазіраваў і баяўся, што на яго нападуць, але нічога не рабіў — гэта было б справай яго ўнутранага свету. Пытанне ў тым, як гэта рэалізавалася.

Чем объяснить зверства садистов на войне в Украине?
На першым кадры мужчына з нажом падступаецца да ляжачага чалавека. На другім кадры штаны чалавека ў камуфляжы ўжо распоратыя / тэлеграм

Якія фактары могуць штурхаць вайскоўцаў на злачынствы?

— Тут ёсць некалькі момантаў. Па-першае, гэта адчай. Груба кажучы, такія паводзіны — гэта як рэпетыцыя, прайграванне ўласнай смерці ў будучыні, — тлумачыць Наталля Скібская. — Па-другое, ёсць проста людзі-садысты. Людзі, якія талерантныя да гвалту і падтрымліваюць яго, якія самі калісьці былі сведкамі альбо ахвярамі гвалту.

Напрыклад, у маленстве дзіця назірала за канфліктамі, бойкамі бацькоў. Потым яно вырастае, узнаўляе гэта ў сваёй сям'і. Яго дзеці пераймаюць гэтую самую пазіцыю і гэтак далей. І наогул войска — гэта структура, поўная падпарадкавання і гвалту. Гэта сістэма гвалту, які пастаянна практыкуецца.

Да таго ж мы заўсёды падаем на базавы ўзровень [прымітыўных учынкаў], калі ў нас кульгае ніжні ўзровень піраміды Маслоу. Калі мы не паелі, калі мы дрэнна спім, калі не гарантавана асабістая бяспека і гэтак далей. І гэта ж адбываецца з людзьмі на вайне. "Якое размаўляць? Бі, і ўсё!" Татальнае пачуццё небяспечнасці моцна падвышае ўзровень трывогі. Чалавек не спраўляецца, вельмі шмат напружання, якое немагчыма стрымліваць, імавернасць афекту павялічваецца. І гэта датычыцца ўсіх, нават вельмі разумных і сталых людзей.

Чем объяснить зверства садистов на войне в Украине?
Эксгумацыя ахвяр генацыду ў Бучы / video grab

— Тое, што мы гаворым або ўвасабляем у думкі, — гэта толькі малая частка таго, што адбываецца ўнутры нас, — працягвае Наталля. — Калі разглядаць гэтыя злачынствы — калі была адсечаная галава, геніталіі, — то гэта абсалютная фантазія з пункту гледжання псіхалогіі. Салдат лягчае, а лягчае — значыць, пазбаўляе сілы. У сімволіцы вайскоўца (калі мы мяркуем, што гэта быў расіянін) ён пазбаўляе сілы ўкраінскае войска.

І яшчэ ўлічвайце ідэалогію, бо яна — магутная крыніца ўздзеяння на сімвалічны пласт. Таму яна такая тупая, архіпрымітыўная. Таму што менавіта прымітыўныя сімвалы працуюць лепш за ўсё. І яны [садысты], вядома ж, знаходзяцца пад уздзеяннем гэтай ідэалогіі, прапаганды, якой іх напампоўваюць. Пераходзіць на першабытны ўзровень, дзе ёсць агрэсія, — самае простае ў ідэалагічнай працы. Стымуляваць гэтыя рэчы лёгка.

Пандэмія COVID таксама вельмі моцна паўплывала на псіхічнае здароўе людзей. Вядома пра ўзаемасувязь, калі часта войны пачыналіся пасля прыходу нейкай невядомай інфекцыі. Людзі адчувалі сваю безабароннасць, не ведалі, што гэта за нябачны і незразумелы вораг. Мы за час "кароны" назапасілі вельмі негатыўны досвед, наш свет стаў вельмі трывожным, вельмі небяспечным. Адпаведна, людзі, якія не ўмеюць спраўляцца з уласным напружаннем, выплюхваюць гэтую агрэсію ў грамадства. Атрымліваецца так: "карона", негатыўнае дзяцінства, напружанне ў грамадстве, ідэнтыфікацыя з агрэсарам — і вось мы маем на выхадзе вайну і такія [садысцкія] паводзіны.

 

Ці здаровыя псіхічна тыя, хто катуе палонных?

Чем объяснить зверства садистов на войне в Украине?
Целы ўкраінцаў, якія загінулі ў часе бойні ў Бучы / AFP/East News

— Цалкам магчыма, што большая частка салдат, якія цяпер на вайне, не мае ўстаноўленага дыягназу, — кажа псіхолаг. — Мы можам меркаваць, што ў іх нейкае парушэнне — напрыклад, садыстычныя схільнасці, афектыўнае расстройства. Але для гэтага трэба абследаванне.

Я думаю, большасць псіхіятраў назавуць сярэдняга рускага салдата прыдатным і псіхічна здаровым. Але не псіхалагічна здаровым. Тут ёсць грань, ці размаўляем мы ў рамках псіхалогіі або мы пераходзім у вобласць псіхіятрыі.

Калі прызначаюць экспертызу ў выпадку забойства, то трэба высветліць, ці не знаходзіўся чалавек у стане афекту ў момант здзяйснення злачынства. Ці былі ў стане афекту тыя вайскоўцы, якія ўчынялі гэтыя рэчы? Тут я не магу сказаць, бо не ведаю ўсіх дэталяў. Але ўсе салдаты, якія прызнаныя прыдатнымі, праходзяць абследаванне, у тым ліку і псіхіятра. Гаварыць у цэлым, што яны там усе неадэкватныя, мы не можам. Яны ж прайшлі медагляд.

Чем объяснить зверства садистов на войне в Украине?
Памочнікі садыста з канцылярскім нажом / тэлеграм

Што рабіць сваякам закатаванага — змірыцца, помсціць?

— Можна неяк паспрабаваць кампенсаваць тое, што здарылася, але боль гэта ніяк не скасуе, не верне чалавека, — мяркуе псіхолаг. — Гэта абсалютная воля сваякоў, і яны маюць права не дараваць.

У нас пастаянна разганяецца тэма пра дараванне. Маўляў, "даруйце, таму што калі вы не даруеце, то вы самі жывяце ў пакутах". Не, пакутуюць больш ад таго, што іх усе змушаюць зразумець і дараваць. А яны маюць права не дараваць. Маюць права ненавідзець, права жадаць адпомсціць. І не трэба ад іх патрабаваць даравання. Як можна спакойна жыць далей, калі ў цябе забілі дзіця? Гісторыі, калі гвалтавалі ўнучку на вачах у бабулі ці маму на вачах у дзіцяці — тут ёсць абсалютна выразны намер, калі гэта здзяйсняецца мэтанакіравана. Што там дараваць?

Успомніце выпадак, калі ў мужчыны загінула жонка і двое дзяцей у авіякатастрофе, якая адбылася па віне авіядыспетчара. Над работнікам аэрапорта ішлі суды, але для забітага горам мужчыны гэта не паслужыла кампенсацыяй. Ён адпомсціў, забіў авіядыспетчара. Мы маем права на любыя эмоцыі, але пытанне ў іх рэалізацыі. Гэта самая складаная маральна-этычная дылема. Гэта прыватнае, тут няма адназначных рашэнняў і ўніверсальных формул. Кожны чалавек усведамляе наступствы і вырашае для сябе асабіста — прымальна гэта ці не, — рэзюмуе псіхолаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі