The Chemical Brothers напішуць саўндтрэк да трылера

Электроншчыкі The Chemical Brothers напішуць музыку да новага фільма рэжысёра Джо Райта «Ханна» («Hanna»).  Па словах Райта, вядомага па фільмах «Адкупленне» (2007) і «Гонар і прадузятасць» (2005), у працы над стужкай ён вырашыў адысці ад класічных саўндтрэкаў і запрасіць кагосьці з «сучасных» музыкаў.

«Я ўжо размаўляў з хлопцамі, і яны вельмі натхніліся гэтай ідэяй, - кажа рэжысёр. – Мне, у сваю чаргу, таксама будзе цікава папрацаваць з імі, бо ў папярэдніх фільмах я супрацоўнічаў з кінакампазітарамі – скажам, Дарыё Марынэлі, які атрымаў «Оскар» за музыку да «Адкуплення». Але для «Ханны» мне трэба штосьці больш сучаснае – з выразным рытмам, басамі – каб гучала гучна і дынамічна».

Менавіта такой музыкі і патрабуе новая карціна, жанр якой вызначаецца як трылер. У «Ханне» распавядаецца гісторыя 14-гадовай дзяўчыны-падлетка, якую бацька – былы агент ЦРУ – рыхтуе да кар'еры прафесійнай наёмнай забойцы. Але аднойчы яна трапляе ў звычайную сям'ю, дзе ўсведамляе, што жыве не зусім звычайным жыццём і пачынае сумнявацца ў сваім прызначэнні…

«Ханна» выйдзе на экраны кінатэатраў 8 красавіка 2011-га года. У фільме задзейнічаны Кэйт Бланшэт, Эрык Бана і Алівія Ўільямс. Галоўную ролю ў карціне выконвае 16-гадовая амерыканка Сіршэ Ронан.

Фота: soundcheck.ocregister.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі