Чаму Літва афіцыйна не паведаміла Беларусі пра ўзгаранне на Ігналінскай АЭС?

Чаму Літва афіцыйна не паведаміла Беларусі пра ўзгаранне на Ігналінскай АЭС?

Раніцай 18 кастрычніка ў будынку Ігналінскай АЭС падчас планавай праверкі аднаго з генератараў загарэлася сажа, якая накапілася ў выкідным калектары. Пра гэта паведамляецца на сайце станцыі. Праз тры хвіліны дызель-генератар быў адключаны.


"Нічога пашкоджана не было — ні памяшканні, ні абсталяванне, — каментуе сітуацыю для Еўрарадыё кіраўнік па камунікацыях ІАЭС Наталля Сурвіла-Глебава. — Гэта была планавая праверка. І таму што ў калектары было шмат сажы, яна загарэлася, выгарала, і сама па сабе патухла".


Еўрарадыё: То бок, сажа не чысціцца? Адкуль яна там узялася? 


Наталля Сурвіла-Глебава: Сажа заўсёды чысціцца, але, відаць, менавіта ў гэтым калектары яе было шмат, яна засталася пасля мінулай чысткі. Паколькі труба была гарачая ад гэтага гарэння, патрэбная была падача вады. Таму прыехалі пажарныя, падалі ваду, каб ахалодзіць трубу.


Еўрарадыё: А ў жніўні, здаецца, было паведамленне пра тленне драўляных фрагментаў.


Наталля Сурвіла-Глебава: Так, хутчэй за ўсё, на гэтыя фрагменты патрапіла іскра ад дэмантажных прац. Але гэта працоўныя моманты. Як і той, што здарыўся ўчора. Мы пра ўсё інфармуем грамадства, каб усё было адкрыта, бо чым менш інфармацыі, тым больш чутак.

Пра здарэнне адразу было паведамлена ў літоўскую Дзяржаўную інспекцыю па бяспецы атамнай энергіі і грамадству. Суседзям і сусветнай супольнасці, кажа Сурвіла-Глебава, паведамляецца толькі пра сітуацыі, якія ацэньваюцца па крытэрыях міжнароднай шкалы ядзерных падзей INES вышэй за другі ўзровень. То бок, калі ў выпадку інцыдэнту выкідваюцца, ці могуць быць выкінутыя радыеактыўныя матэрыялы, могуць распаўсюдзіцца на вялікую адлегласць і пагражаць бяспецы суседняй дзяржавы.


"Гэты інцыдэнт не ацэньваўся па шкале ядзерных падзей INES, бо ён не аказаў ніякага ўплыву ні на радыяцыйны фон, ні на ядзерную бяспеку. У выпадку, калі суседняя дзяржава жадае атрымліваць інфармацыю пра рознага роду падзеі, якія нават не ацэньваюцца па шкале INES, і не ўплываюць на бяспеку і навакольнае асяроддзе, то гэта мусіць быць зацверджана двухбаковымі пагадненнямі. А такога пагаднення мы з Беларуссю не маем", — тлумачыць Наталля Сурвіла-Глебава.


Ігналінская АЭС знаходзіцца ў працэсе зняцця з эксплуатацыі. Прынамсі, цяпер там займаюцца вывазам адпрацаванага ядзернага паліва ў сховішчы.


Літва выказвала заклапочанасць пасля здарэння з корпусам рэактара на будаўніцтве Астравецкай АЭС, які “дакрануўся да зямлі”. Маўляў, беларускі бок не паведаміў пра здарэнне. Мінск адказаў, што можа і не расказваць пра інцыдэнты на будаўніцтве Астравецкай АЭС, пакуль туды не завезлі ядзернае паліва, а рэактар не пачаў працаваць.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі