Чаму ліст Міцкевіча не патрапіць у Беларусь

Таму, што польскі калекцыянер, які набыў яго за 22 000 эўра, дазволіў выстаўляць яго толькі ў Польшчы. (Фота дакумента)
Набыў яго 53-гадовы прадпрымальнік з цэнтральна-ўсходняга рэгіёну Польшчы.  Выставіў жа ліст на аукцыён  кракаўскі антыквар Пётр Вуйтовіч. Ён распавёў Еўрарадыё, што ліст Міцкевіча вельмі рэдкая і каштоўная знаходка:

Пётр Вуйтовіч: “Нам здаецца, што гэта першы пасляваенны продаж цэлага ліста Міцкевіча. Вядома, раней былі нейкія подпісы, прыпіскі да іншых лістоў. Але аўтэнтычны цэлы ліст паявіўся ў продажы першы раз”.

Адам Міцкевіч у лісце звяртаецца па-французску да свайго парыжскага сябра Жуля Мішле, вядомага гісторыка і публіцыста. У той час Міцкевіч выкладаў славянскую літаратуру ў  Калеж дэ Франс у Парыжы. У самім лісце толькі  5 сказаў:



“Спадзяюся хутка пабачыць Цябе, мой шляхетны сябра! Я планую вярнуцца да маіх лекцый ужо ў гэты аўторак, але лекар парэкамендаваў мне яшчэ 10 дзён пабыць дома. У мяне ёсць цікавая інфармацыя пра рэлігійныя таварыствы, якая павінна Вас зацікавіць. Я зараз займаюся падрыхтоўкай гэтых матэрыялаў.
Адданы Вам, Адам Міцкевіч”

Ліст напісаны карычневым атрамантам на тонкай крэмавай паперы. Антыквар  Пётр Вуйтовіч не паведаміў, адкуль узяўся гэты ліст. Сказаў толькі, што па ацэнках спецыялістаў, ён паходзіць з 1842 года.



Імя прадпрымальніка, які набыў ліст, застаецца пакуль невядомым для прэсы, бо ён сам так пажадаў. Еўрарадыё змагло толькі  высветліць, што яго калекцыя антыкварыяту, каштоўных папераў і зброі належыць да самых цікавых у Польшчы.

 Калекцыянер паабяцаў, што будзе пазычаць ліст Міцкевіча для выставаў, прысвечаных паэту, але не будзе яго перапрадаваць. А таксама задакляраваў, што ліст не пакіне межаў Польшчы. Таму беларусы не атрымаюць магчымасці пабачыць ліст таленавітага земляка ў сваёй краіне.

Па словах антыквара Пятра Вуйтовіча, нашыя суайчыннікі на ліст Міцкевіча не прэтэндавалі:

Пётр Вуйтовіч: “З Беларусі ахвотнікаў не было, увогуле не было нікога з па-за межаў Польшчы”.

Вядомы беларускі даследчык гісторыі літаратуры Адам Мальдзіс кажа, што гэта зусім нядзіўна. Беларускія музеі проста не маюць грошай, каб купіць сапраўдны ліст паэта:

Адам Мальдзіс: “Музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку можа толькі марыць пра набыцццё такіх рэдкасцяў. Наколькі я ведаю, такіх грошай няма, таму ў лепшым выпадку гэты музей абыходзіцца ксеракопіямі”.

Адам Мальдзіс лічыць, што выстаўляць арыгіналы для звычайных наведвальнікаў музеяў гэта варварства. Каштоўныя паперы псуюцца і выцвітаюць. Тым больш, пры ўзроўні сённяшняга тэхнічнага развіцця, добра зробленуюць копію нават навукоўцам цяжка распазнаць.

Даследчык кажа таксама, што наша краіна ўсё ж такі спрабавала набываць культурныя каштоўнасці на аўкцыёнах, толькі вось спробы гэтыя нічым не заканчваліся.

А вось прыватныя асобы, не абмежаваныя фінансава так, як дзяржава, не аднойчы набывалі прадметы даўніны для сваіх калекцый. Адам Мальдзіс распавёў Еўрарадыё, як беларускі прадпрымальнік хацеў зарабіць грошы на так званым “поясе Вітаўта”:

Адам Мальдзіс: “Дзяржава прадала яму за 5 тысяч долараў, а потым выкупіла за 95 тысяч долараў”.

Атрымліваецца, што нашыя землякі ставяцца да прадметаў даўніны больш меркантыльна, чым, напрыклад, польскія калекцыянеры, які згаджаюцца нават пазычаць іх музеям.


Фота —www.interia.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі