Чалы: Цягам месяца падаражэе ўсё, што яшчэ не даражэла

Пасля прэзідэнцкіх выбараў падаражэла навучанне ў беларускіх ВНУ, на 20% выраслі кошты на цукар, грэчка за год падаражэла амаль у восем разоў, бульба на некаторых прадпрыемствах дасягнула рэкорду ў долар за кілаграм. Ад 4 лютага павялічылі тарыфы і на жыллёва-камунальныя паслугі: паводле чыноўнікаў, жыроўкі пацяжэюць на 5 долараў.


Ці не з'ядуць цэны 500-доларавы заробак беларусаў і што падаражэе наступным?


Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што падаражэе ўсё, што пакуль яшчэ не даражэла. І адбудзецца гэта дзесьці на працягу месяца.


Сяргей Чалы: “Павышэнне заробкаў было вельмі рэзкім і не адпавядала ні росту вытворчасці, ні эфектыўнасці, ні росту эканомікі… Таму аўтаматам растуць і цэны. Падаражэе ўсё тое, што яшчэ не падаражэла. Калі адбылося павышэнне прыбыткаў, то гэта аўтаматычна адаб'ецца і на цэнах. Пытанне толькі — калі? Як правіла, гэта не даўжэй за 3-4 месяцы пасля ўкідвання грошай у эканоміку”.

Калі ўлічыць, што асноўнае павышэнне заробкаў прыйшлося на лістапад-снежань, то, адпаведна, падвышэння коштаў трэба чакаць максімум да сакавіка, адзначае эксперт.

Даўжэй за ўсё будуць “трымацца” хлеб, малако і бензін

Камунальшчыкі не хаваюць сувязь павышэння тарыфаў з ростам заробкаў. Такую самую сувязь бачыць і міністр адукацыі Сяргей Маскевіч. “Заробкі ў 500 долараў не маглі не адбіцца на кошце адукацыі”, — адзначаў ён падчас прэс-канферэнцыі.


Сяргей Маскевіч: “У дадзеным выпадку павышэнне звязанае выключна з павышэннем стаўкі першага разраду, выдаткаў на аплату працы. Мера, вызначаная дакументамі, якія былі прынятыя на Усебеларускім сходзе пра план выхаду на заробак у 500 долараў, і ўсе рашэнні, што былі прынятыя ў гэтым плане, натуральна, адбіліся і на гэтым”.


Эканаміст Сяргей Чалы кажа, што ў дзяржаўным сектары павышэнне цэнаў будзе найбольш хуткім.


Сяргей Чалы: “На прыкладзе ЖКГ гэта найбольш відавочна. Дзяржава адной рукой грошы дала, а іншай — адразу ж забрала. Нашмат цяжэй будзе тым, каму трэба зацвярджаць павышэнні коштаў...”


Цэны на прадукты харчавання будуць расці, сцвярджае эканаміст:


“Там увогуле няма ніякіх стрымліваючых механізмаў. Цэны ўсталёўваюцца, зыходзячы з наяўных прыбыткаў насельніцтва. Выраслі прыбыткі — выраслі цэны. Выключэннем будуць хіба што тавары са спісу 50 сацыяльна значных. Даўжэй за ўсё будуць супраціўляцца хлеб і малако… Доўга будзе “трымацца” і бензін. Але тое, што ён таксама павысіцца, — зразумела.


Сяргей Чалы: “Калі ішло павышэнне цэнаў на бензін у першай палове мінулага года, то ў выніку гэта прывяло да таго, што аўтамабілісты праявілі сябе дастаткова арганізавана, правялі некалькі акцый, пачалі задаваць нязручныя пытанні… У выніку іх пакінулі ў спакоі і з тых часоў цэны на бензін больш не раслі. Па ўсёй верагоднасці і цяпер іх некаторы час чапаць не будуць”.

Цэны на некаторыя тавары будуць расці “партыямі”


Сяргей Чалы: “З-за таго, што павышэнне заробкаў было істотным, то і цэны павінны былі павысіцца працэнтаў на 30. Але па тым жа цукру, напэўна, сказалі: не больш як на 10%. Вось яны і пачынаюць секчы хвост кошцы па частках — адзін раз на 10%, другі раз на 10%”.


Эканамічна немэтазгодным лічыць павышэнне заробкаў і эканаміст Леанід Заіка. Згодна з яго словамі, перш за ўсё цэны вырастуць на імпартныя тавары. Таксама падаражэе і транспарт.


Леанід Заіка: “Падаражанне пойдзе па шырокім спектры — усё, што тычыцца садавіны, гародніны. Бульба ўжо цяпер каштуе долар на рынку… Гэта эфект “снежнага камяка”. Спачатку адна група, пасля — другая, пасля закранае трэцюю. Усе тавары будуць даражэць. Але імпартныя будуць даражэць хутчэй.
Транспарт будзе даражэць, камунальныя паслугі ў межах 5 долараў… Падаражэе тэхнічнае абслугоўванне транспарту, праезд...”.Падаражанне пойдзе па шырокім спектры — усё, што тычыцца садавіны, гародніны. Гэта эфект “снежнага камяка”. Спачатку адна група, пасля — другая, пасля закранае трэцюю. Усе тавары будуць даражэць. Але імпартныя будуць даражэць хутчэй.

“Працэс ужо пайшоў і будзе ісці далей”, — мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў. На працягу апошніх 15 гадоў павышэнне заробкаў апярэджвала рост вытворчасці і тэмпы росту ВУП.


Леанід Злотнікаў: “Калі за адзін год вам далі ў 2 разы больш грошай і вы з гэтымі грашыма ідзяце на рынак, а тавараў там тая самая колькасць — відавочна, што яны вырастуць у цане ў 2 разы”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі