Будаваць АЭС будуць “троечнікі”?

А выкладаць у школах фізіку і матэматыку змогуць нават тыя, хто заваліў тэставанне. Еўрарадыё даведвалася, чаму сёлета знізіўся прахадны бал у ВНУ.
103 тысячы абітурыентаў сталі студэнтамі розных беларускіх ВНУ. Чвэрць з іх будзе вучыцца бясплатна на дзённай форме. 

У параўнанні з мінулымі гадамі сёлета істотна знізіўся сярэдні прахадны бал. Нават у Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе прахадныя балы і па сённяшні дзень застаюцца самымі высокімі, адчулі падзенне.

"Самыя высокія прахадныя балы на факультэт міжнародных адносінаў і эканамічныя спецыяльнасці. У цэлым бюджэтны набор добры. 48 працэнтаў залічаных на дзённую бюджэтную форму па сертыфікатах мелі сумарны бал больш за 300", — кажа адказны сакратар прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў.

Але ж самі прахадныя балы на бюджэт у гэтым годзе ўпалі аб'ектыўна, асабліва на прыродазнаўчыя і інжынерныя накірункі, працягвае Вячаслаў Малафееў: 

"Сёлета ў БДУ сярэдні бал ЦТ па матэматыцы — 64, а летась і ў пазамінулым годзе быў 72. Тое ж па фізіцы: у гэтым годзе — 52, а мінулыя два гады ён быў 62. Па рускай мове — 69, а мінулы год — 75".

Атрымоўваецца, што сумарна прахадны бал стаў ніжэй на 24 балы. На некаторыя спецыяльнасці нават не было конкурсу, а будаўнікоў атамных станцый, следчых і настаўнікаў прымалі з 200 баламі і менш з 400 магчымых.

"У нас ёсць дзве новыя спецыяльнасці на энергетычным факультэце. "Паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрычных станцый": там прахадны бал гарадскі — 227, сельскі — 205. Яшчэ спецыяльнасць "будаўніцтва цеплавых і атамных станцый": прахадны бал быў 204", — распавёў Еўрарадыё намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БНТУ Андрэй Рахлей.

На спецыяльнасць "правазнаўства" сярод хлопцаў, якія паступалі ў Акадэмію МУС, прахадны бал на бюджэт склаў 103 з максімальных 400, а вось у дзяўчат на тую ж спецыяльнасць — 291. Мінімальны прахадны бал у БДУІР быў на факультэт радыётэхнікі і электронікі, там прахадны бал — 155.

У мінскім Педуніверсітэце на некаторыя спецыяльнасці ўвогуле прымалі ўсіх, хто падаў заяўкі. Напрыклад, на “фізіку” і “матэматыку". Атрымоўваецца, што стаць настаўнікам матэматыкі можа чалавек, які атрымаў на тэставанні па гэтым прадмеце менш за 30 балаў.

Дарэчы, звязваюць такія нізкі балы ва ўніверсітэтах са школьнай падрыхтоўкай і больш складанымі тэстамі ў гэтым годзе.

"Я думаю, гэта болей да школаў пытанне — як яны рыхтавалі. Бацькі казалі, што гэты выпуск перажыў тры рэформы. Відаць, што гэта адбілася на выніках", — распавялі Еўрарадыё ў прыёмнай камісіі БДУІР.

Праўда, у БНТУ лічаць, што ўсё ж праблема ў складанасці тэстаў.

Андрэй Рахлей: "Не можа быць, каб за адзін год так рэзка ўпаў узровень падрыхтоўкі ў школах".

Але пакуль казаць пра ўзровень абітурыентаў рана. Паводле словаў спецыялістаў, усё пакажа сесія.

Вячаслаў Малафееў: "Напэўна, у 2010 годзе заданні складаней. ЦТ — гэта конкурсны экзамен, таму да яго так і трэба ставіцца, як да конкурснага іспыту. У мяне няма падставаў як у адказнага сакратара казаць аб зніжэнні ўзроўню падрыхтоўкі. Усё пакажа першая сесія".

Дарэчы, усё больш папулярным становіцца платная завочная адукацыя, нягледзячы на тое, што адтэрміноўку ад войска для завочнікаў адмянілі. У БНТУ на дзённы бюджэт конкурс склаў каля 1,8 чалавека на месца, а на завочнае — 3,5. Таксама шмат сельскіх абітурыентаў набралі балы вышэй за гарадскіх.

Андрэй Рахлей: "Больш чым на 40 працэнтаў спецыяльнасцяў конкурс быў агульны, таму што бал у сельскіх быў вышэй, чым у гарадскіх. А тыя, хто ідзе на платнае, працуюць і вучацца, каб самім аплачваць сваю вучобу".

Больш высокая цікаўнасць абітурыентаў да эканамічных і прававых спецыяльнасцяў — напрыклад, на "міжнароднае права" у БДУ прахадны бал 369. Дарэчы, сенсацыйным называюць прахадны бал 293 на спецыяльнасць "геалогія" на геафаку БДУ. Дзесяць год таму туды з цяжкасцю набіралі людзей.



Фота: segodnya.ua