Billy’s Band прапануюць адсыпацца ў трунах

Расійскі гурт Billy’s Band працуе над новым, шостым па ліку альбомам. Працоўная назва будучай кружэлкі — «Блошиный рынок».
Лідэр калектыву Білі Новік расказаў карэспандэнту InterMedia, што «часта бывае на блышыных рынках, і штораз сэрца крывёй абліваецца. Такія розныя лёсы прадаўцоў і рэчаў. Вельмі шкада іх усіх. Шкада, што каштоўнасці абясцэньваюцца: баявыя ўзнагароды прадаюцца па 25 рублёў».

На думку музыкаў, гэты альбом будзе іншым, больш тэатральным, а пасля стане саўндтрэкам да аднайменнага спектакля.

Білі дадаў, што «над большай часткай кампазіцый праца ўжо скончаная». Адным з трэкаў на кружэлцы стане кампазіцыя «Отоспимся в гробах», якую музыкі плануюць запусціць у ратацыю. «Гэта песня з хрысціянскім падтэкстам. Жыццё такое кароткае, і шкада марнаваць яго на сон».

На дыск трапіць каля 15 кампазіцый. Лідэр калектыву падзяліўся, што па гучанні дыск будзе адрознівацца ад папярэдніх «падкрэсленай лініяй піяніна. Некалькі кампазіцый падобныя на гарадскія песні ХХ стагоддзя. Будуць таксама кампазіцыі-рамансы, якія нагадваюць стыль, у якім працаваў Фёдар Шаляпін».

Дадам, што выдаць альбом музыкі плануюць увесну. Але, можа быць, да гэтага хлопцы выдадуць сінгл «Отоспимся в гробах». З гэтым звязана яшчэ адна цікавостка, бо музыкі плануюць «зрабіць такі цынічны ход і запісаць песню ў розных фарматах для «Радыё Максімум» і «Радыё Шансон».

Фота: www.rochesterjazz.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі