Беларускія музыкі ўдарылі па СНІДзе канцэртам

Хаця самі прызналіся, што не бачаць сэнсу ў такіх мерапрыемствах. Учора ў Рэактары прайшоў канцэрт з нагоды дня барацьбы са СНІДам. Адначасова з анты-СНІДаўскай канцэпцыяй на тым жа канцэрце адбылася прэзентацыя новага альбома вядомага беларускага хард-кор гурта КУКЛЫ“Кайф”.

Звычайна, вакол рок-музыкаў поўняцца стэрэатыпы кшталту наркотыкаў, сексу і разбэшчанага стылю жыцця. Таму рок канцэрты “супраць СНІДу” ці “супраць  наркотыкаў” выклікаюць паралелі з тэмай “пчолы супраць мёду”.

Мы вырашылі запытацца ў саміх музыкаў, чаму яны бяруць удзел у такім мерапрыемстве і ці мае гэта практычны сэнс?

“Мы выступаем тут, таму што мы адна тусоўка, адна культура, а дзень барацьбы са СНІДам бывае толькі раз на год, хаця гэтая праблема даволі актуальная. Я лічу, што ў такіх канцэртах трэба ўдзельнічаць, каб людзі ведалі, што мы – рок-музыкі – пра гэта думаем. Нас гэта турбуе, таму што ёсць нейкая колькасць знаёмых і сяброў якія вымушаныя жыць з гэтай праблемай і мы хацелі б іх падтрымаць.” – кажа Leha, гітарыст гурта SOK.

Вакаліст “Partyzone”, Дзяніс Вячэрскі, прызнаецца, што яны з радасцю адгукнуліся на прапанову арганізатараў:

Дзяніс Вячэрскі:“Нас запрасілі і мы вырашылі зрабіць хоць нешта, каб агучыць праблемы СНІДа. Боль за тое, мы выйшлі на сцэну, каб падарыць слухачам сваю музыку”.

Што тычыцца практычнага сэнсу падобных мерапрыемстваў, то музыкі самі не ўпэўненыя, ці ёсць ён.

Leha: “Гэта ўсё не мае сэнсу, таму што сюды прыходзяць людзі, якім усё гэта абыякава. Толькі адзінкі апынуліся сёння тут з-за адмысловай ідэі. Астатнія проста прыйшлі паслухаць знаёмыя гурты”.

Дзяніс Вячэрскі: “Я ніякага сэнсу ў канцэртах супраць СНІДу не бачу. Я нават не разумею, як Partyzone, напрыклад, і людзі, што прыйшлі сёння на канцэрт, дапамаглі свету вырашыць гэтую праблему. Аднак, можа нехта адкрые для сябе нейкую карысную інфармацыю з улётак, альбо нехта падумае іншы раз і захавае сваё жыццё. Гэта магчыма!”.

Нагадаю, што у канцэрце бралі ўдзел гурты Partyzone, Сок, Тарпач, Рыкашэт, Сквот, Крок і Куклы.