Беларускія лядовыя палацы вабяць рамантыкаў

Як выявілася — магчыма ўсё: прызнавацца ў каханні, ладзіць рамантычныя вечары і вяселлі, праводзіць сустрэчы выпускнікоў і нават паэтычныя слэмы.

Эксклюзіўную паслугу прадастаўляе Лядовы палац у Баранавічах — там плануюць ладзіць вясельныя цырымоніі. Засталося толькі ўзгадніць з ЗАГСам, кажа намесніца дырэктара Баранавіцкага лядовага палаца:

“Вы ж ведаеце, у нас цяпер шмат моладзі, якая любіць экстрым. Гэта ўсё будзе на лёдзе, з кольцамі, маршам…  Будзе слацца дарожка, дываны, яны будуць праязджаць на каньках, іх будуць віншаваць маленькія дзеці на каньках з кветкамі. У нас ёсць вельмі прыгожая VIP-распранальня, там пасля цырымоніі будзе прадастаўляцца паслуга распіцця шампанскага”.

Канцэрты, лядовыя шоў, цырк на лёдзе — усе гэтыя больш традыцыйныя мерапрыемствы таксама будзе ладзіць Лядовы палац у Баранавічах, паабяцала намесніца дырэктара:

“У нас ёсць асобнае памяшканне для тэнісу, фітнэс-зала, зала харэаграфіі, трэнажорная зала вельмі шыкоўная — такой, напэўна, няма ў рэспубліцы, вялікая камп’ютэрная зала, шыкоўная саўна. У нас ёсць два ўзроўні кавярняў, два бары, більярд, у перспектыве — боўлінг”.

У Мінскім лядовым палацы спорту праводзяць вечары адпачынку “Хто малады душой” і вечары адпачынку з караоке, расказаў Еўрарадыё вядучы спецыяліст лядовага палаца сталіцы. Арэнда лёду тут каштуе 442 тысячы за гадзіну. За такія грошы можна, напрыклад, арыгінальна прызнацца ў каханні дзяўчыне:

“Нядаўна ў нас арандавалі лёд… малады чалавек прызнаваўся ў каханні сваёй дзяўчыне, арандаваў лёд, і быў у іх такі рамантычны вечар на лёдзе...”

Паводле словаў супрацоўніцы Лядовага палацу ў Бабруйску, калі вам здадуць у арэнду лёд, то кантраляваць, што вы там робіце, не будуць:

“Я ж не застаюся там, не гляджу…”

Еўрарадыё: А ці можна будзе ў вас арандаваць лёд, каб правесці тут паэтычны слэм?

“Усё магчыма, дамаўляецеся, мікрафоны дамо…”

У Бабруйскім лядовым палацы папулярнасцю таксама карыстаюцца дыскатэкі на каньках. Каштуе гэта 10 тысяч за гадзіну, на 1400 больш, чым звычайныя катанні:

“Мы праводзім дыскатэкі на лёдзе. Гэта кшталту масавага катання, але там падбіраюць спецыяльную музыку, святло адмысловае, дым пускаюць. Гэта моладзі падабаецца”.

У Лядовым палацы ў Бярозе журналісту Еўрарадыё пагадзіліся здаць лёд для сустрэчы з выпускнікамі, якая будзе ў гэтую суботу. Галоўнае — каб прыйшло не больш за 110 чалавек:

“Няма пытанняў, можна. За адну гадзіну гэта будзе каштаваць 250 тысяч. Святламузыку можам вам зрабіць, будзе напаўцемра і добрая святамузыка…”

Але ўсё ж самымі запатрабаванымі ў Лядовых палацах пакуль застаюцца традыцыйныя паслугі.

Лядовы палац, Баранавічы: “Масавыя катанні ў нас вельмі запатрабаваныя, у выходныя за адзін дзень выручка бывае 16 мільёнаў. 150 чалавек — гэта ў нас за адзін сеанс праходзіць”.


Аўтар калажу Валера Руселік

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі