Беларускі мастак-дызайнер прадае Мірскі замак

Мастак-дызайнер Міхаіл Кабякоў ужо даўно спрабуе прадаць макет Мірскага замка, у 75 разоў меншы за арыгінал. Спачатку макет рабіўся з разлікам, што яго забярэ Нацыянальны мастацкі музей, але пазней там ад яго адмовіліся.
"Рэч у тым, што мне трапілі ў рукі матэрыялы па рэканструкцыі Мірскага замка. Была цікаўнасць адпрацаваць гэты аб'ект, бо ў Беларусі не было такога. Адзін быў, але яго зламалі з некаторых прычынаў, ён быў яшчэ ў савецкія часы. Наколькі я ведаю, другога такога няма".
Незапатрабаваным аказаўся макет і ў астатніх дзяржаўных установах — прычым не толькі Мінска.
"Я спачатку прайшоўся па дзяржаўных інстанцыях, а зараз выходжу на прыватных асобаў. Вось адзін з варыянтаў быў Радзівілы, але ад іх пакуль няма адказу. Магчыма, яны пакуль думаюць. Адпрацоўваю магчымасць беларусаў, якія жывуць у Расіі", — кажа Міхаіл Кабякоў.
Магчыма, патэнцыйных пакупнікоў пужае кошт, але сам архітэктар хоча атрымаць самую мінімальную суму за сваю працу.

"Я б хацеў за яго атрымаць беларускімі рублямі 10 мільёнаў, але гэта мінімальны кошт за такую працу. Ну, у прынцыпе, мяне б задаволіў мінімальны".
Прапаноўвалі макет і мінскаму рэстарану "Мірскі замак", але там адмовіліся: макет для іх занадта вялікі — няма месца, каб яго паставіць. Памеры макета сапраўды не маленькія: гэта квадрат амаль паўтара метра, а па вышыні, з улікам шклянога каўпака, 130 сантыметраў.
Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі кажа, што стварэнне макетаў стала папулярным у апошні час. 
"На жаль, многія помнікі не захаваліся, таму ствараюць макеты. Напрыклад, быхаўскія школьнікі стварылі выдатную копію Быхаўскага замка, Уладзімір Акіцкі разам з калегамі стварыў макеты Праабражэнскай царквы і Сафійскага сабора, ствараюцца копіі Нясвіжскага замка".
Паколькі зараз ствараюць шмат новых экспазіцый, напрыклад, у самім замку, то такія рэчы могуць спатрэбіцца, лічыць Харэўскі. Макет можа знайсці сваё месца ў Міры ці ў экспазіцыі ў Нясвіжскім палацы, якую даручылі ствараць Саюзу дызайнераў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі