Беларускі эмігрант цэлы год перадаваў у КДБ звесткі пра дыяспару ў Польшчы

Алег Аксёнаў

Алег Аксёнаў / "Белсат"

Беларускі палітуцякач Алег Аксёнаў цэлы год супрацоўнічаў з КДБ і перадаваў звесткі пра дзейнасць беларускай дыяспары ў Польшчы. Пра гэта стала вядома, калі да ўдзельнікаў семінара па бяспецы, які праходзіў у "Беларускім моладзевым хабе" ў Варшаве, праз зум падключыўся супрацоўнік КДБ.

59-гадовы Аксёнаў — актывіст партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя". Ён пакінуў Беларусь у 2022 годзе. Год таму ён адгукнуўся на вакансію пазаштатнага аўдытара Падліковай палаты Еўрасаюза. Яго папрасілі збіраць зветскі пра дзейнасць беларускай апазіцыі і паведамляць, "ці не раскрадаюцца гранты Еўрапейскага саюза". Аксёнаў мусіў дасылаць справаздачы пра разнастайныя мерапрыемствы. Але выявілася, што ўвесь час з апазіцыянерам размаўлялі супрацоўнікі КДБ.

Гэта адбылося падчас семінару па бяспецы — фізічнай, фінансавай і лічбавай. Арганізаваць яго Аксёнаву прапанавалі куратары. Пасля выступу спікераў праз зум падключылі "хэдлайнера". Аднак замест прадстаўніка Падліковай палаты ЕС удзельнікі семінару пабачылі намесніка начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанціна Бычака.

Сюжэт пра гэта выйшаў на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі. Як адзначаюць у недзяржаўных СМІ, ніякай "закрытай" інфармацыі ў фільме не прыводзілася, бо Аксёнаў хадзіў на адкрытыя сустрэчы, дзе часам не было нават рэгістрацыі ўдзельнікаў. Уся інфармацыя была ў адкрытым доступе, а трансляцыі з сустрэчаў нават вяліся анлайн.

Аксёнаў кажа, што нічым не нашкодзіў беларускім актывістам, хаця і прызнае за сабой маральную адказнасць. Сам ён мяркуе, што з ім кепскі жарт адыграла "паветра свабоды".

У інтэрв'ю на "Белсаце" ён паведаміў, што цяпер гэтай справай зацікавіліся польскія службы. У тым ліку яны правяраюць інфармацыю аб рахунку ў польскім банку, з якога паступалі ганарары на імя Аксёнава.

Раней на падобную правакацыю з боку беларускіх прапагандыстаў "купілася" актывістка Вольга Кавалькова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі