Беларусам трэба ўжо зараз рыхтавацца да страйку, каб масава не трапіць на вайну

Мірны пратэст у Мінску, 2020 год / pixabay.com
Мірны пратэст у Мінску, 2020 год / pixabay.com

Ці ёсць у Пераходнага кабінета план у выпадку аб’яўлення мабілізацыі ў Беларусі?

— Я думаю, што, прынамсі, гэтыя планы абмяркоўваюцца і ў найбліжэйшы час яны павінны з’явіцца, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Павел Усаў. — Сцэнары рэагавання і апазіцыі за мяжой, і тое, што павінны рабіць беларусы, узважыўшы ўсё, што ў краіне адбываецца. Асноўная тэза павінна будавацца на разуменні таго, наколькі беларускае грамадства будзе адчынена на тыя прапановы, якія будуць ісці з боку Кабінета і іншых палітычных гульцоў. Ці гатовае беларускае грамадства да пратэстаў. Мы павінны ясна разумець — ці выйдуць беларусы ў гэты крытычны момант на вуліцы.

Мы павінны зараз стварыць такую крытычную хвалю напружанасці, што ў выніку, калі будзе абвешчана мабілізацыя, трэба будзе рыхтавацца да агульнага пратэсту. Мяне пытаюцца “што мы зможам там у Беларусі зрабіць?”. Абсалютна на ўсіх узроўнях сабатаваць, не ісці на працу, паўтарыць сцэнар агульнай нацыянальннай забастоўкі. Не ісці на працу, на прадпрыемствы — гэта адзінае, чым можна выратаваць сітуацыю на сённяшні дзень. Калі нават не пратэст, то ўсеагульны нацыянальны страйк. Гэта адзінае, што можа выратаваць беларусаў ад уваходжання ў вайну. Ад таго, што ва Украіне будуць гінуць беларусы. Ад з’яўлення на тэрыторыі Беларусі расійскіх войскаў у колькасці 50-100 тысяч чалавек.

Калі яшчэ палітычныя цэнтры, палітычныя асяродкі ад Ціханоўскай да Кабінета маюць уплыў на грамадства, калі беларусы яшчэ гэта чуюць, то яны павінны разумець, што гэта адзіны выхад. Умоўна кажучы, [калектыўны сабатаж] ад чыгуначнікаў, якія не павінны выходзіць на працу, але яны павінны разумець, што іх падтрымае ўсё грамадства. Калі гэтага не будзе — калі ласка, лапату ў рукі і на фронт.

— Наша задача на сённяшні момант — прадухіліць самы негатыўны сцэнар, пры якім Лукашэнка абвяшчае мабілізацыю і ўключаецца ў іншы этап вайны, — працягвае палітолаг. — Мне падаецца, што Кабінет павінен даць ясны пасыл на апераджэнне. Не чакаць, калі гэта будзе абвешчана, а зрабіць так, каб абвешчана не было. Вельмі эфектыўна гэта спрацавала падчас расійскай агрэсіі.

Інфармацыйна-палітычны ціск быў настолькі моцны — нават калі ўплыў, аўтарытэт апазіцыі ў нейкай ступені быў падарваны, — але гэта спрацавала настолькі, што ад міністра абароны [Беларусі], Лукашэнкі і да звычайных прапаршчыкаў усе павінны былі апраўдвацца. Казаць пра тое, што беларускія вайскоўцы нікуды не ідуць і нідзе ўдзельнічаць не будуць.

Зараз жа з кожнага уцюга павінен быць пасыл: тэлефануйце ў Міністэрства абароны, ва ўсё гэтыя бюракратычныя ўстановы. Пытайцеся, дзе нашы дзеці, мы хочам яснасці, адказвайце нам на пытанні. Пішыце да Шпакоўскага, тэлефануйце на БТ, на АНТ, спадарыні Качанавай і пытайцеся. Мы хочам пэўнасці, не хочам уступаць у вайну. Прэвентыўны крок — павысіць узровень інфармацыйнага ціску тут і цяпер.

Якія ёсць варыянты ў выпадку, калі інфармацыйная кампанія не спрацуе і ў Беларусі пачнецца мабілізацыя?

— З боку Еўрасаюза трэба, каб ужо зараз [з’явілася] дэкларацыя і стратэгія дзейнасці дзеля таго, каб беларусы бесперашкодна выязджалі за мяжу. Каб грамадзяне разумелі (і да іх гэта павінна быць данесена), што ў выпадку мабілізацыі — welcome [будзе спрошчана перасячэнне мяжы з заходнімі краінамі]. Маўляў, мы [краіны Захаду] нікога не будзем затрымліваць. Не маеце візы? Не важна, выязджайце. Гэта павінна быць стратэгія Еўрасаюза на сённяшні момант у дачыненні да Беларусі, — рэзюмуе Павел Усаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі