“BelaMusic” пройдзе без палітыкі і цэнзуры

За 2 дні да фестывалю “BelaMusic” яго арганізатар і адначасова ўдзельнік Алег Хаменка заверыў Еўрарадыё, што ўсё знаходзіцца пад кантролем, акрамя надвор’я. Таму пра дакладную колькасць наведнікаў казаць яшчэ рана, але гэта будзе ад 5 да 7 тысяч чалавек.
Што тычыцца палітыкі, то яе на “BelaMusic” не будзе. Спадар Хаменка кажа, што Мінгарвыканкам не адслухваў тэксты гуртоў — гэтым займаўся ён сам:

“Усё вырашаю па сутнасці я. І тэксты ніхто не будзе цэнзураваць. У мяне было пытанне аб тым, што на гэтым фестывалі не павінна быць ніякіх такіх палітычных момантаў. Ну, па сутнасці, мы гэта абяцалі”.
І ўсе ўдзельнікі з гэтым, зразумела, згодныя.

Такім чынам, высветлілася, што паміж арганізатарамі і ўдзельнікамі існуе дамова пра апалітычнасць мерапрыемства, Але арганізатары не адмаўляюць таго, што нейкіх сюрпрызаў можна чакаць ад публікі: гледачы могуць раптам, насуперак усім дамоўленасцям, прынесці сцягі.

Алег Хаменка: “Ну канешне! Раптам — усё можа быць…”

Нагадаем, што фестываль “BelaMusic” пройдзе 23 траўня на пляцоўцы аэраклуба “Баравая” з удзелам гуртоў GARADzKIJA, Дзецідзяцей, RASTOP POWER TRIO, NeuroDubel, Палац, Без Білета, Крама, J:МОРС і Пятра Ялфімава.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі