Андрэй Арамнаў: Я жыву за кошт сяброў

Цяжкаатлет атрымлівае 200 тысяч заробку ў месяц і не ведае, як аплаціць камунальныя паслугі Вынікам судовага разбіральніцтва па справе алімпійскіга чэмпіёна Андрэя Арамнава аб кіраванні аўтамабілем у нецвярозым стане скончылася не толькі прысуджэннем яму штарфу ў памеры амаль 1800 долараў, але і пазбаўленнем яго алімпійскай стыпендыі.  Сёння цяжкаатлет атрымлівае 200 тысяч заробку ў месяц і не ведае, як аплаціць камунальныя паслугі.

Пра гэта Андрэй Арамнаў расказаў у размове з Еўрарадыё.

Андрэй Арамнаў: “Я думаў, што 400 тысяч буду атрымліваць, але самы вялікі заробак я атрымаў у 205 тысяч рублёў. Шчыра кажучы, мне не хапае нават, каб аплаціць камунальныя паслугі — у мяне дзве кватэры. Калі я атрымаў свае грошы, я іх пусціў у справу — я ж не ведаў, што ў мяне забяруць заробак!”.

Таму алімпійскі чэмпіён папярэджвае, што чакаць ад яго выбітных спартовых вынікаў на бліжэйшым чэмпіянаце свету не даводзіцца.

Андрэй Арамнаў: “Сітуацыя такая, што мне зараз не хапае сродкаў, каб патрэбным чынам падрыхтавацца да чэмпіянату свету. Як кажа мой трэнер, на адным нахабстве падымаць буду. Бо калі няма сродкаў заплаціць за камунальныя паслугі, то якая можа быць гаворка пра тое, каб набыць сабе добрую фармакалогію і належным чынам падрыхтавацца. Размова ідзе пра тое, каб хаця б хапіла на нармальнае, чалавечае харчаванне”.

Арамнаў згодны з тым, што пакараць за парушэнне Правілаў дарожнага руху яго трэба было. Але не разумее, чаму адабралі стыпендыю.

Андрэй Арамнаў: “Шчыра кажучы, не ведаю, чаму забралі сумленна заробленыя грошы. Можна было якім-небудзь іншым чынам пакараць — шмат варыянтаў”.

Спартсмен прызнаўся Еўрарадыё, што сёння ён вымушаны жыць фактычна за кошт сваіх сяброў.
 
Андрэй Арамнаў: “Зараз мне дапамагаюць сябры, яны ведаюць маё становішча. Можна сказаць, што я жыву за іх рахунак”.


Фота — naviny.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі