Расійскія вайскоўцы, хутчэй за ўсё, вырашылі цалкам пакінуць свае пазіцыі вакол Харкава, лічыць амерыканскі Інстытут даследавання вайны (ISW). Паводле аўтараў артыкула, гэта адбылося дзякуючы ўкраінскім контрнаступам з аднаго боку і абмежаванага падмацавання — з другога.
"Такім чынам, Украіна, падобна, выйграла бітву за Харкаў. Украінскія сілы не дазволілі расійскім войскам акружыць Харкаў, не кажучы ўжо пра яго захоп, а затым выгналі іх з-пад горада, як яны зрабілі з расійскімі войскамі, якія спрабавалі захапіць Кіеў", — гаворыцца ў даследаванні.
На думку экспертаў ISW, не выключана, што ўкраінскае войска паспрабуе перарэзаць як мінімум адну, самую заходнюю з наземных ліній забеспячэння паміж Белгарадам і расійскімі войскамі, засяроджанымі вакол Ізюма. Але такіх ліній у расіян некалькі, некаторыя з іх знаходзяцца далёка ад пазіцый ВСУ, і малаверагодна, што хуткім часам украінскія войскі да іх дабяруцца.
Аўтары артыкула канстатуюць, што на дадзены момант намаганні расійскай арміі па-ранейшаму сканцэнтраваныя на акружэнне Севераданецка і Лісічанска — з поўначы і з поўдня. Хоць войска, якое ідзе з поўначы, напярэдадні не змагло фарсіраваць раку Северскі Данец і панесла вялікія страты.
"У рускіх можа не хапіць дадатковай свежай баявой сілы, каб кампенсаваць гэтыя страты і прадоўжыць наступленне ў дастаткова шырокім маштабе, каб завяршыць акружэнне [Севераданецка і Лісічанска], хаця яны, верагодна, прадоўжаць спробы зрабіць гэта", — піша ISW.
Блакаванне і масіраваныя абстрэлы расійскімі войскамі рускамоўнага Харкава пачаліся ў першы дзень вайны, 24 лютага. За два месяцы вайны горад пакінулі сотні тысяч жыхароў, многія да гэтага часу жывуць у метро.