75% беларускай музыкі ў эфіры абмежавалі

Як даведалася Еўрарадыё, цяпер гэтае правіла дзейнічае толькі 9 гадзін на суткі. Такое рашэнне было прынятае Міністэрствам інфармацыі яшчэ 15 верасня. Напрыканцы лета ў Міністэрстве інфармацыі прайшло паседжанне, мэтай якога было высветліць, ці патрэбна паменшыць адсотак айчыннай музыкі ў FM-прасторы. Аднак Палажэнне, якім да гэтага часу кіруюцца музычныя рэдактары, ніхто так і не змяніў. Як распавёў Еўрарадыё Эміль Джафараў, музычны рэдактар “Радыё Бі-Эй”, сітуацыя пасля жнівеньскіх паседжанняў кардынальна не змянілася. То бок 75% у эфіры ніхто не адмяняў, аднак гэтае правіла зараз распаўсюджваецца толькі на 9 гадзін эфіру за суткі:

Джафараў: “Мы кіруемся Палажэннем Міністэрства інфармацыі, згодна з якім у прайм-тайм павінна гучаць 75% беларускай музыкі."

Еўрарадыё: А гэта якія гадзіны?

Джафараў:
"Ну, гэта я вам не магу распавесці. Не з-за таго, што не маю давера да вас асабіста, а з-за таго, што не магу распавесці пра распрацоўкі нашай радыёстанцыі".

Прычым ніхто не правярае кожны дзень, ці адгучалі беларускія выканаўцы на FM-дыяпазоне свае законам гарантаваныя 410 хвілін за суткі:

Джафараў: “Па першым патрабаванні Мінінфармацыі робяцца справаздачы, што, у прынцыпе, абсалютна нармальна. Асабіста ў мяне з гэтым праблемаў ніколі не было. Звычайна міністэрства папросту дасылае запыт наконт якога-небудзь дня. Прычым абсалютна без аніякай нагоды”.

Цікава, што кожная радыёстанцыя фактычна сама прызначае гадзіны, у якіх будзе панаваць беларуская музыка. Аляксандр Папоў, праграмны рэдактар “Радыё Мінск”, распавёў Еўрарадыё, што “выкручвацца” можна па-рознаму. Напрыклад, вызначыць “рэйтынгавыя” гадзіны рознымі для выходных і працоўных дзён:

Папоў: “У нас на радыё існуе тры блокі па тры “беларускія” гадзіны: раніца, дзень і вечар. Аднак фіксаваных гадзінаў няма, бо на выходныя, напрыклад, раскладка крыху змяняецца”.

На думку Алены Трашчынскай, кіраўніцы “Радыус FM”, на такіх “умовах” радыёстанцыям стала працаваць нават лягчэй. Адзінае, што замінае, — нізкая прадуктыўнасць айчынных выканаўцаў:

Трашчынская: “75% беларускай музыкі гучаць у эфіры 9 гадзін, згодна з рэйтынгавым часам нашай радыёстанцыі. Мы праводзім унутраныя апытанні слухачоў. Згодна з гэтым мы вызначаем гэты самы “рэйтынгавы час”, у якім потым і гучыць беларуская музыка. І так, у прынцыпе, вызначаецца па гэтых 9 гадзінах кожная айчынная радыёстанцыя сумесна з Мінінфармацыі. Адзіная праблема, якую я бачу, — гэта недахоп музычнага матэрыялу. Вельмі хацелася б, каб беларускія выканаўцы крышачку хутчэй пісалі свае песні. Гэта адзінае, чаго нам бракуе”.

Як бы там ні было, аднак спрэчкі наконт неабходнасці “кіравання” FM-дыяпазонам у выглядзе 75% айчыннай музыкі ідуць амаль бесперапынна. Але ўжо амаль як два месяца гэтае правіла было палегчана: беларускія выканаўцы гучаць усяго толькі 9 гадзін з 24-х за суткі. А вось ці адбыліся нейкія якасныя змены ў эфіры — вырашаць кожнаму з нас. Дзеля гэтага трэба папросту ўключыць радыё…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі