"Падтрымае кожнага, не баіцца": сябар пра выпускніцу юрфака, якая згадала Знака

Кацярына Віннікава / "УКантакце"
Кацярына Віннікава / "УКантакце"

"Вясёлая, падтрымае кожнага, не баіцца выказваць сваё меркаванне. Падкаваная юрыдычна, эрудаваная — гутарыць з ёй заўсёды цікава. Класны, круты чалавек: ад яе проста лілася энергія і станоўчыя эмоцыі".

Гэтыя словы пра Кацярыну Віннікаву — тую самую выпускніцу юрфака БДУ, якая 29 чэрвеня ў час уручэння дыпломаў падзякавала са сцэны звольненым выкладчыкам і юрыстам, супраць якіх у Беларусі распачатыя крымінальныя справы.

Сваім аднакурснікам Каця пажадала "ведаць закон, верыць у закон", таму што, як сказаў Гюго: "Для мяне не важна, на чыім баку сіла, важна тое, на чыім баку права".

Відэа гэтага выступу вельмі хутка распаўзлося па тэлеграм-каналах. А 1 ліпеня ў пакоі інтэрната, дзе жыла Каця, правялі ператрус і канфіскавалі ноўтбук. Саму дзяўчыну затрымалі. 2 ліпеня яе асудзілі на 15 сутак за "несанкцыянаваны пікет" (арт. 24.23 КаАП).

“Пра тое, што відэа з Кацінай прамовай з'явілася ў тэлеграме, мы даведаліся, калі святкавалі заканчэнне вучобы, — расказвае Еўрарадыё сябар выпускніцы. — Вядома, разумелі, што, калі ролік разыдзецца па буйных СМІ, наступстваў не пазбегнуць. Мы папрасілі Кацю быць акуратнейшай. Было відаць, што яна нервуецца, але мы яе падтрымлівалі. 30 чэрвеня Каця схадзіла на выпускны, усё было нармальна, а потым днём я даведаўся, што па яе прыйшлі. Але нічога... мы справімся і падтрымаем адно аднаго".  

 

Чаму Каця выступіла са смелай прамовай

— Каця вучылася па спецыялізацыі "Эканамічнае права (прававое забеспячэнне камерцыйнай дзейнасці)". Чамусьці адміністрацыя вырашыла, каб студэнты з гэтага патоку атрымлівалі дыпломы апошнімі, гледачоў у зале было няшмат. Не ведаю, ці збіралася Каця гаварыць пра адвакатаў і звольненых выкладчыкаў. Проста ведаў, што яна выступіць з прамовай.

Ці была нейкая рэакцыя пасля выступу Каці, ці пагражаў ёй нехта? Ды ніхто проста не паспеў. Дыплом атрыманы, сродкаў на запалохванне больш няма. Ведаю, што, калі студэнты выходзілі, адміністрацыя пазірала скоса. Але гэта было ўжо няважна. 

 

Як Каця ставілася да выбранай прафесіі

— Мы знаёмыя з 2017 года. Напэўна, выбіраць у 17 гадоў прафесію, якой потым будзеш займацца ўсё жыццё, неразумна. Таму спачатку мы ўсе ставіліся да вучобы аднолькава: прыглядаліся да сваёй спецыяльнасці.

Што мне адразу спадабалася ў Каці, дык гэта яе прагматычны погляд на рэчы. Яна разумела адразу, што права ў нашай краіне не вельмі і працуе. Былы дэкан Сяргей Аляксандравіч Балашэнка казаў, што гэта мы павінны будаваць прававую дзяржаву, і я з ім цалкам згодны. Пераканаўся ў гэтым пасля падзей гадавой даўнасці, пасля таго, калі ўсвядоміў, як у нас усё цяжка і з законам, і з правам. Для многіх гэта ўсё хіханькі ды хаханькі, але да тых часоў, пакуль не датычыцца цябе і тваіх блізкіх.

"Поддержит любого, не боится": друг о выпускнице юрфака, поблагодарившей Знака
Каця / "УКантакце"

Як Каця вучылася і куды збіралася ісці працаваць пасля заканчэння БДУ

— Каця пастаянна ўдзельнічала ў розных грамадскіх мерапрыемствах, была актыўная. Яна вучылася на бюджэце, таму спачатку павінна была адпрацаваць па размеркаванні. Якія былі планы далей — не памятаю.

Вучылася вельмі добра, у яе чырвоны дыплом. Калі ў вас на юрфаку сярэдні бал вышэйшы за восем — гэта значыць, што вы прынамсі — спецыяліст і ўмееце скарыстацца атрыманымі ведамі і на сваю карысць, і на карысць іншых людзей.

 

Як выпускнікі юрфака БДУ ставяцца да падзей, што адбываюцца ў Беларусі

— Я не магу гаварыць за ўсіх, але як можна ставіцца да таго, што саджаюць адвакатаў, рэфармуюць закон, круцяць ім як хочуць? Як можна ставіцца да такога, калі нам з першага курса прышчапляюць, што закон непарушны? Нам кажуць, што мы абараняем людзей, але мы не можам абараняць іншых, калі мы самі сябе абараніць не можам. Як і не можам абараніць той сродак — закон, які павінен нас абараняць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі