Знаёмыя ахоўніка, які абакраў банк: Ён не мог дзейнічаць самастойна

Былы ахоўнік “БСБ Банка” Руслан Фраямчук, які скраў 840 тысяч долараў у эквіваленце, удала хаваецца з выкрадзенымі грашыма. Калі назбіраць гэтую суму з заробку мужчыны, то яму спатрэбілася б 95 гадоў.

Нагадаем, што 25 красавіка ахоўнік дачакаўся, пакуль застанецца ў сваім разлікова-касавым цэнтры адзін, знайшоў спосаб адкрыць памяшканне з валютай і вынес адтуль заплечнік і сумку грошай.

Як Фраямчук абкраў банк і чым ён цікавіўся ў пазапрацоўны час

Уся краіна абмяркоўвае гэты беспрэцэдэнтны ўчынак. Праходзіла інфармацыя і пра тое, што адзін з пісьменнікаў паабяцаў на падставе гэтай гісторыі напісаць беларускага “Астапа Бэндэра”, калі Фраемчука не знойдуць хаця б праз тры месяцы.

Раней Еўрарадыё ўжо паразмаўляла з таварышам абвінавачанага ў абкраданні банка. А ў чацвер, 30 красавіка, з-за мяжы загаварыў яшчэ адзін паплечнік Фраемчука па гульні “Танкі”. Мужчыны, па словах суразмоўцы, добра сябравалі каля чатырох гадоў.

“Ён стратэг, вельмі разумны, усё пралічвае на 10 крокаў наперад. Мяркую, пры крадзяжы ён бы не пакінуў запісы з відэакамер. Вы не думалі пра тое, што ён быў не адзін і яго тупа падставілі? Ён любіў маці сваю. Не думаю, што ён стаў бы так рабіць”, — высоўвае ўласную версію сябар Фраемчука.

Пры гэтым мужчына не ўпэўнены ў версіі абкрадання банка групай асоб. Але дакладна перакананы, што калі б ахоўнік усё ж дзейнічаў самастойна, то падчысціў бы за сабой хвасты.

“Нават з камерамі назірання. Відаць, ён наўмысна не стаў іх здымаць, каб пра знікненне грошай не даведаліся як мага даўжэй”, — працягвае развагі сябар Фраемчука.

Мужчына лічыць Руслана “годным чалавекам”. Тлумачыць, што раней той быў пры грашах, меў бізнес, але “моцна ўпаў, бо ўсё пакінуў былой жонцы”.

“У выніку год таму ў яго не было грошай нават на камп’ютар”, — канстатуе паплечнік Фраемчука па “Танках”. 

Але не ўсе людзі, хто меў досвед зносінаў з ужо беглым банкаўскім ахоўнікам, так цёпла да яго ставяцца. Напрыклад, на працы яго апошнім часам не любілі, не збіраліся нават працягваць працоўны кантракт. У інтэрнэт-клубе, дзе Руслан у апошнія гады гуляў у “Танкі”, з ім таксама пасварыліся.

“Канфлікты ў яго здараліся не з адміністрацыяй, а з іншымі наведнікамі. У некага ён часта пазычаў грошы і мог не аддаць. Быў вельмі гаваркі, увесь час спрабаваў прадаць нейкія рэчы. Карацей, часта спрабаваў падмануць людзей”, — распавядаюць Еўрарадыё ў камп’ютарным клубе Devilmice.

Яшчэ адна суседка апісвае Фраемчука як аматара павыхваляцца. Хоць ніколі не чула ад яго брыдкаслоўя і не бачыла п'яным.

“Улетку, калі добрае надвор’е, на лаве сядзем, гутарым. І ён выйдзе пакурыць, да нас далучыцца. Казаў: “Паеду ў Расію, там большыя заробкі, мару набыць “Ферары”. А сам не надта любіў працаваць”, — згадвае жанчына задушэўныя размовы з Русланам.

Па гэтым фота праваахоўнікі расшукваюць Фраямчука

Яна ж апісвае і яго біяграфію. Вучыўся ва ўніверсітэце фізкультуры, але не скончыў. Маці з бацькам развяліся. Суседка не верыць, што Руслан дзейнічаў самастойна, і шчыра не разумее, чаму ранейшае жыццё яго магло не задавальняць:

“Тут усе ў шоку. Маці так добра яго даглядала, пылінкі з яго здзьмувала. Што яму тут не жылося? Смачна еў, пакой свой: сядзі, чытай, займайся”.

Тым часам вылічыць Фраемчука па гарачых слядах не ўдалося. Звычайна праваахоўнікі затрымлівалі банкаўскіх рабаўнікоў праз пару дзён пасля злачынства ці адразу на месцы. Калі ж пошукі расцягваліся, то нават гучныя і прынцыповыя крымінальныя справы часта заставаліся нераскрытымі.

Так, у канцы 2009 года ў Заводскім раёне Мінска рабаўнік забіў 21-гадовую касірку “Абсалютбанка”, запэцкаўшы ўвесь абменнік крывёю. Забраў грошы і сышоў. Яго так і не вылічылі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі