Абвінавачаны ў абкраданні банка захапляўся “Танкамі” і марыў жыць у Расіі

У сераду, 29 красавіка, Следчы камітэт паведаміў імя мужчыны, які верагодней за ўсё абакраў “БСБ-Банк” у цэнтры Мінска. 43-гадовы супрацоўнік службы аховы Руслан Фраямчук, паводле версіі праваахоўнікаў, апошнім выйшаў з будынку ўстановы, набіўшы заплечнік і сумку грашыма. У пераліку на долары скрадзена было каля 840 тысяч. На датычнасць ахоўніка да злачынства сведчыць і тое, што пасля здарэння ён знік.

Былая жонка: “Не хачу быць з гэтым звязаная. У мяне ўжо абсалютна іншае жыццё”

На старонцы ў сацсетках Фраямчук хваліцца сваёй 9-гадовай дачкой Алексіяй — маленькай, але знанай у рэкламных колах мадэлькай. Гэта дзіцёнак ад першага шлюбу. Экс-жонцы Ірыне — 30 год.

“Я з гэтым чалавекам ужо больш за сем гадоў не маю ніякіх зносін. Дзіцёнак з ім ніяк не камунікуе апроч як раз на два гады”, — неахвотна ідзе на размову былая жонка.

Яна коратка тлумачыць, што амаль нічога пра Руслана не ведае, гутарыць з ім “раз на год па дзве хвіліны”.

“У мяне ўжо абсалютна іншае жыццё і абсалютна іншая сям'я. Ніяк з гэтым не хачу быць звязаная”, — заканчвае гутарку Ірына Фраямчук.

Чуткі: як менавіта ахоўнік дабраўся да грошай

Еўрарадыё стала вядома версія, якую абмяркоўваюць супрацоўнікі банка.

Ахоўнік нейкім чынам даведаўся пра тое, што асоба, адказная за доступ у памяшканне з валютай, неабачліва паклала ключ у шуфляду працоўнага стала. Ахоўнік нібыта дачакаўся, пакуль разлікова-касавы цэнтр апусцее, ускрыў шуфляду і адкрыў памяшканне з грашыма.

Фраямчук пралічыў і тое, што пра знікненне валюты не даведаюцца як мінімум цягам некалькіх дзён (усё адбылося ў пятніцу перад выхаднымі). Ён меў дастаткова часу, каб цішком выехаць за мяжу. Шараговыя супрацоўнікі банка перакананыя, што выправіўся іх былы калега ў Расію.

Суседка: “Праблемаў з законам у яго не было. Не гуляка, заўсёды павітаецца”

Калі прасачыць біяграфію Руслана Фраемчука, то мужчына, на першы погляд, выглядае звычайным чалавекам. Яшчэ тры гады таму працаваў ахоўнікам у звычайнай краме харчовых прадуктаў. Затое мужчына добра глядзіцца на фота і стварае пазітыўнае ўражанне пры гутарцы.

“Адукацыі ў яго няма, рос нармальным падлеткам. Праблемаў з законам у яго ніколі не было — як кажуць, ні прыходаў, ні прыводаў. Ніколі не магла б падумаць, што такое можа здарыцца. Дрыжыкі па целе!” — здзіўляецца суседка Фраемчука, якая ведае яго ўжо трыццаць год.

Суседка распавядае, што пасля разводу яшчэ адной сям’і Руслан не завёў, хоць дзяўчаты ў яго час ад часу былі.

“Ён вельмі сімпатычны, прыгожы, высокі. Заўсёды і павітаецца, і пагаворыць Але не гуляка”, — разводзіць рукамі суседка.

Тым не менш, калі даследуеш старонку абвінавачанага ў сацсетках, то складваецца ўражанне, што ён быў лавеласам. У сябрах пераважна — маладыя дзяўчаты. Шмат афарызмаў пра каханне, сэнс жыцця, лёс і прызначэнне чалавека. Ці не дзеля жанчыны Фраямчук пайшоў на каварнае злачынства?

Таварыш Фраемчука: “Думалка ў яго — ого-го!”

“Ён заўжды казаў так: “Калі баба адцягвае ад танкаў, то на..й яна патрэбная!” — прыводзіць словы Фраемчука яго добры знаёмы.

Пазнаёміліся мужчыны, дзякуючы сусветнавядомай гульні World of Tanks (ці папросту “Танкі”).

Па словах таварыша, для Руслана гэта гульня стала сэнсам жыцця. У ёй ён сябе выдатна рэалізоўваў і нават зарабляў на “Танках” па некалькі соцень долараў штомесяц чыстымі. Фраямчук быў адным з асноўных у баявой суполцы гульцоў “Пчолкі”.

“Распавяду вам пра яго лад жыцця цягам апошніх пяці год. Адразу ж пасля працы ён ехаў у камп'ютарны клуб непадалёк ад цэнтра Мінска. Там гуляў у “Танкі” да гадзіны ночы і вяртаўся дадому на таксі. Апошнім часам, праўда, з клубам ён пасварыўся, правёў інтэрнэт дома і гуляў ў “Танкі” ў сябе”, — распавядае таварыш Фраемчука.

Еўрарадыё: А які ён чалавек?

Таварыш Руслана Фраемчука: Чалавек ён дастаткова жорсткі. Калі нешта адхіляецца ад яго плана, рэагуе бескампрамісна.

Еўрарадыё: Адзін з камп’ютарных гульцоў выказаў у СМІ меркаванне, што Руслан пафасны, не можа пралічыць і аднаго кроку. Таму праваахоўнікі яго хутка затрымаюць. Вы згодны з такім прадказаннем?

Таварыш Руслана Фраемчука: Калі ён камандаваў у баях, то на 90% прадказваў, што будзе рабіць сапернік. Ён спакойна мог прадумаць удалы план абкрадання банка. Думалка ў яго — ого-го!

Еўрарадыё: Раз Фраемчука не надта хвалявалі жанчыны, якія ў яго былі мары ў апошнія часы.

Таварыш Руслана Фраемчука: Ён казаў, што марыць жыць у адным з расійскіх гарадоў.

25 красавіка ахоўнік РКЦ “БСБ-Банка” на Плошчы свабоды ў сталіцы апошнім выходзіў з банкаўскай установы. Праз некалькі дзён стала вядома, што адтуль знікла звыш 11 мільярдаў рублёў. А канкрэтней — 690 тысяч долараў, 64 тысячы еўра, 3,9 мільёнаў расійскіх рублёў а таксама нязначныя сумы ў англійскіх фунтах, швейцарскіх франках, украінскіх грыўнях і польскіх злотых.

Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле “Крадзеж, здзейснены ў асабліва буйным памеры”. Вынесена пастанова аб прыцягненні Фраемчука ў якасці абвінавачанага і заключэнні яго пад варту. Аднак яго месцазнаходжанне невадомае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі