У Беларусі змяніліся правілы здачы экзаменаў на правы кіроўцы

У Беларусі ад заўтра пачынаюць дзейнічаць змены ў Інструкцыю аб парадку прыёма кваліфікацыйных экзаменаў на правы кіроўцы. Адпаведную пастанову Міністэрства ўнутраных спраў выдала 3 красавіка, а дзейнічаць дакумент пачынае ад заўтра, 26 красавіка.


Спачатку на правы здаюць тэарэтычны экзамен, а потым практычны. Асоба, якая здала тэорыю, дапускаецца да здачы практыкі цягам шасці месяцаў, па завяршэнні якіх тэарэрычны экзамен прызначаюць зноў.

Практыку здаюць у два этапы: спачатку аўтадром, потым — у горадзе, на выпрабавальным маршруце ва ўмовах рэальнага дарожнага руху. Паўторныя экзамены прызначаюцца не раней чым праз шэсць дзён пасля апошняга экзамена.

Для тых, хто не здаў тэарэтычны экзамен або адзін з этапаў практыкі з трэцяй і наступных спробаў, паўторны экзамен прызначаюць не раней чым праз 30 дзён. Калі асоба не падае картку па тэарэтычных і практычных экзаменах на пасведчанне кіроўцы цягам трох год, здаваць тэорыю і практыку давядзецца зноў.

Калі тэорыю здаюць па білетах з выкарыстаннем аўтаматызаваных сістэм, то экзамен павінен доўжыцца не болей за пятнаццаць хвілін, а калі гэта экзамен з папяровымі білетамі, то не болей за трыццаць. Адзнака “здадзены” ставіцца ў тым выпадку, калі экзаменаваны няправільна адказаў не болей як на адно пытанне. Калі няправільных адказаў болей, экзамен не залічваецца.

Пры здачы практыкі цяпер дазволена карыстацца GPS-навігатарам. Але рашэнне пра яго выкарыстанне прымае старшыня камісіі, а экзаменатар перад пачаткам прыёму экзамена павінен унесці выпрабавальны маршрут у GPS-навігатар.

Будучыя кіроўцы цяпер маюць права толькі на адну апеляцыю — паўторныя не будуць разглядацца.

Ілюстратыўнае фота з сайта route31.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі