Янукевіч пра Караткевіч: Вы мая самая вялікая палітычная памылка!

Янукевіч пра Караткевіч: Вы мая самая вялікая палітычная памылка!

Сустрэчу з самымі-самымі кандыдатамі ў дэпутаты зладзіў Прэс-клуб напярэдадні асноўнага дня галасавання.

Таццяна Караткевіч і Андрэй Дзмітрыеў з “Гавары праўду”, Алег Гайдукевіч з ЛДПБ, Ілля Дабратвор, Алесь Міхалевіч і Аляксей Янукевіч прадстаўлялі Партыю БНФ, Юрась Губарэвіч — Рух “За свабоду”, Юры Хашчавацкі — АГП, “Зялёныя” Дзмітры Кучук і Аляксандр Сыкала, Вольга Кавалькова — БХД, а мільянер Максім Крупейчанка прадстаўляў, напэўна, багатых людзей краіны.

Шкада, адмовіліся кандыдатка-спявачка Ірына Дарафеева і галоўны казак Беларусі, старшыня Беларускай патрыятычнай партыі Мікалай Улаховіч.

Пачалося ўсё з адказу кандыдатаў на пытанне: “З якой мэтай яны ідуць у парламент?” Гучалі традыцыйныя адказы ад “змяніць уладу, бо яна павінна змяняцца” і “паказаць, што выбараў няма”, “вырашаць праблемы людзей”, “ладзіць мірныя перамены”, да нетрадыцыйных, накшталт “выканаць сваю перадвыбарчую праграму без затраты бюджэтных сродкаў”.

Традыцыйна ўзгадваюць палітыкі “татальную фальсіфікацыю” вынікаў галасавання.

“Што мы можам зрабіць у гэтай сітуацыі? Фіксаваць гэта ўсё і паказваць людзям. А вось змагацца з гэтымі парушэннямі, змагацца за права выбіраць павінна грамадства. Бо мы, колькі нас тут — дванаццаць чалавек, не ўстане пайсці і ўзяць Дом урада!” — кажа Юрый Хашчавацкі.

“Я з вамі браць Дом урада не пайду”, — імгненна рэагуе мільянер Максім Крупейчанка.

Алег Гайдукевіч адразу кажа, што выйграць выбары можна ў любых умовах і тлумачыць, чаму партыя возьме дзесяць мандатаў.

Гайдукевіч: “Абралі на партыйным сходзе 110 будучых кандыдатаў — па адным на акрузе. Але потым прааналізавалі спіс усіх кандыдатаў і я сам пакінуў толькі 78 чалавек. Потым цягам выбараў зняў яшчэ пяць чалавек, каб умацаваць акругі, дзе можам перамагчы. На сёння вызначылі дзесяць акруг, дзе можам выйграць выбары. У тым ліку, гэта і мая акруга”.

Магчыма, адыграла сваю ролю адсутнасць відавочных апанентаў з праўладнага лагера, але спрэчак паміж кандыдатамі практычна не было. За невялікім выключэннем. Але яны больш былі падобныя на сяброўскія пікіроўкі.

Не сышліся прадстаўнікі розных апазіцыйных структур у поглядзе на пытанне “адзінага кандыдата на акругу”. На думку Аляксея Янукевіча, у сітуацыі, калі “выбараў няма і галасы ніхто не лічыць”, і адзіны кандыдат не патрэбны. З ім не пагаджаецца прадстаўніца БХД Вольга Кавалькова.

“На маёй акрузе ідзе кандыдат ад БНФ. Але ён толькі тыдзень таму пачаў там свае ўлёткі распаўсюджваць. І мне цікава: навошта на акругу, дзе ідзе іншы моцны кандыдат, які вядзе актыўную кампанію, вылучаць кандыдата, які не толькі там не жыве, але і кампанію вядзе ніякую?” — цікавіцца Вольга ў лідара Партыі БНФ.

Лідар “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў і ўвогуле нечакана заўляе, што яны не лічаць патрэбным уступаць у кааліцыю, калі не лічаць гэта выгадным для сябе.

Павесяліў журналістаў Аляксей Янукевіч прызнаннем пра няўдалы раман з Таццянай Караткевіч.

“Я ўдзячная Партыі БНФ за тое, што яны падтрымалі мяне на пэўных этапах прэзідэнцкай кампаніі 2015 года”, — кажа Караткевіч. І чуе ў адказ ад Янукевіча.

“Ты мая самая вялікая палітычная памылка ў 2015 годзе — гэтага больш не паўторыцца!”

Тым не менш, без скандалу не абышлося. Распачынае рэжысёр Аляксей Туровіч. Усю сустрэчу ён ціха стаіць за спінамі журналістаў, але калі Алег Гайдукевіч збіраецца сыходзіць узнімаецца і…

“У мяне пытанне: я быў асуджаны ў 2009 годзе па сфабрыкванай Гайдукевічам крымінальнай справе. Я два гады правёў у адзіночнай камеры, мяне катавалі, забівалі”, — эмацыйна звяртаецца да аўдыторыі Туровіч.

--Артыкул, артыкул назаві! – Перабівае яго Алег Гайдукевіч.

--167, 168 Крымінальнага кодэкса. Але я пра іншае…

--Што гэта азначае скажы ўсім! – зноў перабівае былі начальнік Фрунзенскага РУУС Мінска Гайдукевіч.

--Справа была сфабрыкаваная – у мяне доказы ёсць. А вы злачынца, і якое вы маеце права ісці ў дэпутаты?!

Пад удар абуранага рэжысёра трапляюць і ўсе астатнія кандытаты і журналісты. Адны за тое, што бяруць удзел у гэтай выбарчай кампаніі, другія – што пра яе пішуць.

Закончылася сустрэча спробай атрымаць адказ ад кандыдатаў на пытанне: “Ці адмовяцца яны ад дэпутацкага мандата, калі ўсё ж яго атрымаюць?” Толькі Андрэй Дзмітрыеў прызнаецца, што сэнсу адмаўляцца не бачыць. Астатнія ад адказу ўхіляюцца.

Значыць, усё ж вераць, што могуць перамагчы?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі