Як у краінах Еўропы ўзмацняюць меры аховы пасля тэрактаў у Бруселі

Як у краінах Еўропы ўзмацняюць меры аховы пасля тэрактаў у Бруселі

Пасля тэрактаў у Бруселі краіны Еўрасаюза працягваюць узмацняць меры аховы аэрапортаў, АЭС і іншай інфраструктуры.

У Бруселі паліцыя ўжо цяпер патрулюе гэтак званыя чыстыя зоны вылету ў аэрапортах. Хоць некаторыя спецыялісты мяркуюць, што лепей было б выносіць рамкі металашукальнікаў да самага ўваходу ў будынак аэрапорта і праводзіць кантроль ужо там.

Нямецкі эксперт у галіне авіяперавозак Енс Флатау кажа, што такія меры прывялі б да надзвычай высокіх выдаткаў і арганізацыйных складанасцяў.

“Спецыялісты, якія добра арыентуюцца ва ўладкаванні аэрапортаў і іх інфраструктуры, лічаць, што стаўку лепш рабіць на павелічэнне колькасці паліцэйскіх і паляпшэнне назірання”, — прыводзіць словы эксперта Deutsche Welle.

На бельгійскіх АЭС адразу пасля тэрактаў часова адхілілі ад працы вялікую частку супрацоўнікаў, каб пазбегнуць трапляння на аб’ект зламыснікаў.

Меры аховы ўзмацнілі і іншыя еўрапейскія аэрапорты. Германія, Данія, Вялікабрытанія павялічылі прысутнасць паліцэйскіх на вуліцах буйных гарадоў. Францыя праводзіць больш пільны памежны кантроль.

Як у краінах Еўропы ўзмацняюць меры аховы пасля тэрактаў у Бруселі
Фота: www.sb.by/Аляксандр Ружачка

У Беларусі на важных інфраструктурных аб’ектах таксама павысілі меры бяспекі. У нацыянальным аэрапорце ўзмацнілі перадпалётны дагляд пасажыраў, іх багажу і ручной паклажы, а таксама персаналу пры ўваходзе ў кантраляваную зону аэрапортаў.

Па словах прэс-сакратара мінскага метрапалітэна Андрэя Кузьміна, хоць нашае метро і так адно з самых бяспечных у свеце, пасля падзеяў у Бруселі дадатковыя меры аховы ўсё ж уводзіліся:

“Узмацнілі даглядныя мерапрыемствы, сталі больш уважлівымі да падазроных пакінутых рэчаў. Інспектары пачалі звяртаць больш пільную ўвагу на асобаў з неадэкватнымі паводзінамі”.

У краіне таксама быў узмоцнены памежны кантроль. Асаблівая ўвага падчас яго надаецца тым, хто прыязджае ў Беларусь.

Нагадаем, тэракты, якія адбыліся ў Бруселі ў аўторак, забралі жыцці больш за 30 чалавек. 316 асобаў пацярпелі, 120 з іх па-ранейшаму знаходзяцца ў бальніцах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі