Пасля тэракту ў "Крокусе" ў паліцыі памёр чачэнец — ад катаванняў, кажуць родныя

Паліцэйскі

Паліцэйскі / ТАСС

Адразу некалькі крыніц паведамляюць пра смерць у маскоўскім аддзяленні паліцыі ўраджэнца Чачні Асхаба Успанава. Яго затрымалі пасля тэракту ў "Крокус Сіці Холе". Праз некалькі гадзін ён памёр у аддзяленні паліцыі. Пра гэта, у прыватнасці, піша рэсурс "Агенцтва" са спасылкай на маці Асхаба Таісу Успанаву.

Жанчына кажа, што ў той вечар яе сын ехаў на працу да жонкі. Пасля затрымання ён патэлефанаваў жонцы і расказаў пра здарэнне, папрасіў не ехаць у паліцыю, бо "ў іх на мяне нічога няма". Пазней ён ператэлефанаваў і ўсё ж папрасіў пад'ехаць, бо "нагрубіў сілавікам". Калі жонка Успанова прыехала ў паліцыю, ёй сказалі, што яе мужа "больш няма". Мужчыну ўжо пахавалі ў Чачні. Маці Успанава настойвае, што яе сын не мог быць датычны да тэракту.

Раней пра смерць Успанава паведамляў чачэнскі апазіцыйны рух 1adat. Рэсурс настойвае, што Успанова закатавалі да смерці. Падчас допыту яму зламалі рэбры і хрыбетнік. На целе таксама засталіся сляды ўдушша і паўсюдныя гематомы.

Нагадаем, пра катаванні затрыманых за тэракт у "Крокус Сіці Холе" было вядома і раней. Аднаму з затрыманых адрэзалі частку вуха, другога катавалі токам, трэцяга ў суд даставілі на бальнічнай каталцы. На целах і тварах мужчын у судзе былі сляды збіцця.

Тэракт у "Крокус Сіці Холе" адбыўся 22 сакавіка — у той вечар у канцэртнай зале павінен быў прайсці выступ гурта "Пікнік". Узброеныя людзі расстралялі наведвальнікаў, а потым учынілі пажар. Паводле апошніх афіцыйных звестак МНС Расіі, пацярпела больш за 550 чалавек, з іх 15 дзяцей. Загінулі 144 чалавекі, у тым ліку трое беларусаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі