Сярэдні ўзрост кандыдата-камуніста на шэсць гадоў меншы, чым кандыдата ад БНФ

Сярэдні ўзрост кандыдата-камуніста на шэсць гадоў меншы, чым кандыдата ад БНФ

Парламенцкія выбары — добрая нагода параўнаць актыўнасць палітычных партый краіны. Тым больш такіх палярных, як Камуністычная партыя Беларусі і Беларускі Народны Фронт. Прынята лічыць, што менавіта БНФ — партыя маладых і актыўных. Правяраю гэта, падлічваючы сярэдні ўзрост кандыдата ад кожнай з партый. І... моцна здзіўляюся. Таму што сярэдні ўзрост кандыдата-камуніста ажно на шэсць гадоў ніжэйшы, чым узрост кандыдата-бээнэфаўца. 41 год супраць 47. Сур'ёзная розніца.

Найбольш маладых камуністаў ідзе на выбары ў Мінску (што зразумела) і Віцебскай вобласці. Маладыя — гэта ў прамым сэнсе. Хлопцы 1993 і нават 1994 гадоў нараджэння. Яшчэ некалькі 28–30-гадовых. Самы малады камуніст акурат балатуецца ў Віцебску — Антон Кругляшоў, 1994 года нараджэння.

У БНФ кандыдатаў, якія б нарадзіліся ўжо ў незалежнай Беларусі, няма ўвогуле. Маладымі можна лічыць кандыдатаў каля 30 гадоў. А самая маладая — Таццяна Гендэль 1988 года нараджэння, яна спрабуе трапіць у парламент у Брэсце. Спрабую паразмаўляць з абодвума самымі маладымі кандыдатамі. Больш-менш атрымліваецца толькі з кандыдатам ад БНФ.

 

Таццяна Гендэль, 28 гадоў:

"Калі коратка, то я адстойваю папулярызацыю Беларусі і беларускай мовы. Я шмат вандрую, хачу, каб нас ведалі ў свеце. Каб людзі да нас прыязджалі... Народнае адраджэнне... Ці перашкаджае мне ў кампаніі тое, што мне няшмат гадоў? У галовах у людзей, канечне, тое, што малады чалавек яшчэ не мае досведу, не мудры. Але я спрабую размаўляць. Колькі я ў палітыцы? Недзе гады тры. Як скончыла ўніверсітэт".

 

Антон Кругляшоў, 22 гады:

"З маёй праграмай можна пазнаёміцца на сайце Камуністычнай партыі Беларусі, яна там выкладзеная. Там выкладзеная і перадвыбарчая платформа нашай партыі. А вы ва ўсіх інтэрв'ю бераце, хто па маім участку ідзе? Не ва ўсіх? То я б не хацеў размаўляць, даваць каментары. У нас ёсць тэледэбаты, радыёдэбаты. Я не хацеў бы выдзяляцца. Усё маё напісана ў перадвыбарчай праграме КПБ. Мая праграма там таксама хутка будзе выкладзеная. Ці даўно я сябра КПБ і чаму? Два гады таму ўступіў. А навошта, я таксама не хачу гаварыць".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі