У Польшчы затрымалі былога гендырэктара "Пінскдрэву" Ларана Арыніча

Польская паліцыя высветліла, што Ларан Арыніч жыве каля мясцовасці Радам у арандаваным доме. Была падрыхтаваная засада, з якой ішло назіранне за раёнам і домам. Калі ў паліцыі не засталося сумненняў, што ў доме жыве Арыніч, ён быў арыштаваны. Былы дырэктар "Пінскдрэву" быў вельмі здзіўлены затрыманню і не супраціўляўся. Ён быў дастаўлены ў паліцэйскі ўчастак, дзе будзе чакаць судовага рашэння па пытанню экстрадыцыі ў Беларусь, інфармуе Польскае прэсавае агенцтва.

Генпракуратура Беларусі цяпер рыхтуе матэрыялы для экстрадыцыі Ларана Арыніча з Польшчы. Да часу, пакуль іх не перашлюць, былы гендырэктар "Пінскдрэву" будзе знаходзіцца пад часовым арыштам.

Нагадаем, 25 кастрычніка 2010 года на фабрыцы “Пінскдрэў ДСП” адбыўся выбух. Загінулі 14 чалавек, а яшчэ 21 рабочы атрымаў траўмы рознай ступені цяжкасці. Была распачатая крымінальная справа. У сакавіку 2012-га калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда абвесціла прысуд па справе выбуху. Вінаватымі прызналі былога галоўнага інжынера холдынга, галоўнага інжынера і былога дырэктара "Пінскдрэў-ДСП". Інжынер холдынга прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі, галоўны інжынер да трох гадоў, былы дырэктар гэтага прадпрыемства — да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Крымінальная справа ў адносінах былога гендырэктара "Пінскдрэву" Ларана Арыніча вылучана ў асобную вытворчасць.

Спачатку супрацоўнікі праваахоўных органаў паведамлялі, што Ларан Арыніч з іх ведама знаходзіцца на лячэнні ў Польшчы. Аднак у жніўні 2011 года ён быў абвешчаны ў вышук. Тады заяўлялася, што калі ён сам не вернецца на радзіму, то пытанне аб яго выдачы будзе вырашацца на ўзроўні Генеральных пракуратур Беларусі і Польшчы.

У верасні 2011-га экс-кіраўніка “Пінскдрэва” пазбавілі звання ганаровага грамадзяніна Пінску. Такое рашэнне прыняў Пінскі гарсавет. Падставай дэпутаты назвалі тое, што Арыніч збег ад следства і абвешчаны ў вышук. Гэтым ён здыскрэдытаваў сваю асобу і ганаровае званне.

Сваякі загінулых рабочых лічаць, што бізнэсоўцу свядома дазволілі збегчы за мяжу. Таму яны яшчэ летась напісалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Генпракуратуру, МУС, КДБ і Камітэт дзяржкантролю калектыўны ліст, у якім патрабавалі пакараць былога дырэктара.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі