МЗС: Кыргызстан не забяспечвае сваім грамадзянам справядлівы суд

Міністэрства замежных спраў Беларусі апублікавала заяву з нагоды абвінавачанняў з боку Кыргызстану, якія афіцыйны Бішкек агучыў напярэдадні. Абвінавачанні тычыліся даўняй “справы Бакіева”. Цяперашні лідар Кыргызстану Алмазбек Атамбаеў заклікаў улады Беларусі прыняць рашэнне аб выдачы сям'і экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева. Малодшага брата былога кіраўніка Кыргызстана ў Бішкеку падазраюць у дачыненні да нядаўняга забойства ў Мінску крымінальнага "аўтарытэта" Алмамбета (альбо — Алманбета) Анапіяева.

Нядаўна ў Мінску ў багажніку "Мэрсэдэса" знайшлі труп Анапіяева. Як стала вядома, раней ён уваходзіў у блізкае атачэнне Жаныша Бакіева, выконваў яго даручэнні.

У заяве прэзідэнта Атамбаева гаварылася пра пяць гадоў спробаў Кыргызстана дамагчыся ад Беларусі "выканання абавязацельстваў па росшуку, крымінальнаму пераследаванню і выдачы злачынцаў у адпаведнасці з міжнароднымі канвенцыямі". Але Мінск на "законныя патрабаванні" дасылаў толькі адмовы. Прэзідэнт Кыргызстана адзначае, што ўлады Беларусі выдаюць "бандытам" беларускія пашпарты, дзяржаўныя ўзнагароды і "віншуюць з юбілеямі".

Афіцыйны Мінск адрэагаваў на гэта заявай, размешчанай на сайце МЗС. “Няма сэнсу каментаваць абразлівыя паралелі і выказванні кіраўніцтва Кыргызстану на адрас Беларусі. Падобныя перагрэтыя эмацыйныя заявы былі б немагчымыя на ўзроўні лідара цывілізаванай дзяржавы”, — гаворыцца ў заяве.

Улады Беларусі адзначаюць перадузятасць у стаўленні Кыргызстана да гэтай справы і заяўляюць, што абвінавачванні ў здзяйсненні цяжкога злачынства супярэчаць міжнародным нормам крымінальнай судавытворчасці.

“У любой сучаснай краіне Канстытуцыя і законы вызначаюць, што ніхто не можа быць прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, пакуль яго вінаватасць не будзе даказаная прысудам, які набыў моц. Аднак, мяркуючы па шэрагу завочных крымінальных працэсаў, якія адбыліся ў Кыргызстане, гэтая краіна у цэлым мае свій спецыфічны падыход да правасуддзя. Гэта выклікае сумневы ў здольнасці кыргызскай дзяржавы забяспечываць датрыманне правоў сваіх грамадзян, у тым ліку і права на справядлівую судовую абарону”, — падкрэслівае МЗС.

Гаворачы пра расследаванне справы аб забойстве кыргызскага крымінальнага аўтарытэта ў Мінску, МЗС адзначае, што кампетэнтныя органы Беларусі “робяць усе неабходныя захады па выяўленні і затрыманні асобаў, спрычынных да забойства”.

Нагадаем, сям'я Бакіева збегла з Кыргызстана пасля рэвалюцыі красавіка 2010 года і скарысталася падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі. Экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў атрымаў у Беларусі прытулак, а пасля і беларускае грамадзянства. У нашу краіну прыехаў у яго брат Жаныш, які ачольваў Службу дзяржаўнай аховы Кыргызстана. Найперш яго і называюць у Бішкеку "бандытам". Абодвух братоў на радзіме завочна асудзілі на пажыццёвае зняволенне за масавы расстрэл дэманстрацыі з сталіцы Кыргызстана ў красавіку 2010-га. Тады загінулі больш за 70 чалавек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі