Прэзідэнт Кыргызстана заклікае ўлады Беларусі выдаць сям'ю Бакіева

Прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў заклікае ўлады Беларусі прыняць рашэнне аб выдачы сям'і экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева. Малодшага брата былога кіраўніка Кыргызстана ў Бішкеку падазраюць у дачыненні да нядаўняга забойства ў Мінску крымінальнага "аўтарытэта" Алмамбета (альбо — Алманбета) Анапіяева.

Як паведамляла Еўрарадыё, нядаўна ў Мінску ў багажніку "Мэрсэдэса" знайшлі труп Анапіяева. Як стала вядома, раней ён уваходзіў у блізкае атачэнне Жаныша Бакіева, выконваў яго даручэнні.

"Інтэрфакс" цытуе заяву Атамбаева, у якой гаворыцца пра пяць гадоў спробаў Кыргызстана дамагчыся ад Беларусі "выканання абавязацельстваў па росшуку, крымінальнаму пераследаванню і выдачы злачынцаў у адпаведнасці з міжнароднымі канвенцыямі". Але Мінск на "законныя патрабаванні" дасылаў толькі адмовы. Прэзідэнт Кыргызстана адзначае, што ўлады Беларусі выдаюць "бандытам" беларускія пашпарты, дзяржаўныя ўзнагароды і "віншуюць з юбілеямі".

Нагадаем, сям'я Бакіева збегла з Кыргызстана пасля рэвалюцыі красавіка 2010 года. Экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў атрымаў у Беларусі прытулак, а пасля і беларускае грамадзянства. У нашу краіну прыехаў у яго брат Жаныш, які ачольваў Службу дзяржаўнай аховы Кыргызстана. Найперш яго і называюць у Бішкеку "бандытам". Абодвух братоў на радзіме завочна асудзілі на пажыццёвае зняволенне за масавы расстрэл дэманстрацыі з сталіцы Кыргызстана ў красавіку 2010-га. Тады загінулі больш за 70 чалавек.

На здымку з сацыяльных сетак: чалавек, падобны на Жаныша Бакіева, у Мінску на вуліцы Карла Маркса.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі