Лукашэнка: Нас ужо пачынаюць палохаць, але газ не належыць Мядзведзеву

Лукашэнка: Нас ужо пачынаюць палохаць, але газ не належыць Мядзведзеву

У чацвер, 9 сакавіка, Аляксандр Лукашэнка праводзіць нараду, прысвечаную "актуальным пытанням развіцця краіны". Кіраўнік дзяржавы прыгадаў заяву, якую зрабіў нядаўна ў Бішкеку падчас міжурадавага пасяджэння ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза расійскі прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. Тады Мядзведзеў жорстка адрэагаваў на заяву беларускага прэм'ера Андрэя Кабякова, які казаў пра нявырашаныя беларуска-расійскія праблемы, што перашкаджаюць нашай краіне ўдзельнічаць у шматбаковых інтэграцыйных працэсах. У адказ прэм'ер Расіі намякнуў, што гэтыя словы падобныя да шантажу. Мядзведзеў прыгразіў павысіць кошты на газ краінам, якія выйдуць з ЕАЭС.

"Мяне больш за ўсё здзівілі заявы майго закаранелага сябра Мядзведзева, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Нас, дарэчы, ужо палохаць пачынаюць, што газ мы будзем прыродны купляць па еўрапейскіх коштах. Тыпу таго, што будзеце плаціць не 150 долараў, а 200 долараў. Гэта, ведаеце, падобна таму, што намёк ўсім — у Расіі найперш, і ў Беларусі, — што мы з'яўляемся нахлебнікамі ў Расіі: вось, бачыце, яны нам робяць нейкі падарунак".

Па словах Лукашэнкі, Мядзведзеў мусіць разумець, што калі Беларусь будзе плаціць за расійскі газ па еўрапейскіх коштах, то "на штосьці яму таксама прыйдзецца заплаціць". Кіраўнік Беларусі падкрэсліў, што ён не лічыць адносіны з Расіяй "бухгалтэрыяй". "Бухгалтэрыя тут і цана на прыродны газ, які не належыць Мядзведзеву, не павінна ляжаць у аснове нашых адносінаў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у аснове беларуска-расійскіх адносін "ляжыць нешта большае". І каб іх ацэньваць, "трэба сыходзіць у сярэдзіну мінулага стагоддзя, калі мы трэцюю частку насельніцтва паклалі, ведаеце за што". А нагнятаць сітуацыю не атрымаецца, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама сказаў, што "ніякіх нізкіх цэн мы не хочам на газ". Беларусь хоча, каб кіраўніцтва Расіі выконвала свае абавязацельствы, "па змесце і духу". "Калі мы будуем наш саюз — адзіную дзяржаву мы замахнуліся пабудаваць, — то ў нашых людзей і прадпрыемстваў, у бізнесу павінны быць роўныя ўмовы на гэтым рынку", — заявіў кіраўнік Беларусі. А больш у Мінску нічога не хочуць, адзначыў ён. Лукашэнка запэўніў, што беларусаў на калені не паставяць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі