Love story: кандыдаты пазнаёміліся на выбарах і пажэняцца перад днём галасавання

Love story: кандыдаты пазнаёміліся на выбарах і пажэняцца перад днём галасавання

Нават падчас беларускіх выбараў здараюцца нечакана цікавыя і нават прыемныя выпадкі. І гэта не толькі канцэрты забароненых Лявона Вольскага ды Змітра Вайцюшкевіча ў межах выбарчай кампаніі. Бываюць і ў нас выбарчыя Love story. Гісторыя знаёмства і кахання двух кандыдатаў у дэпутаты здарылася падчас сумеснага ўдзелу ў кампаніі, ужо прызначаная і дата вяселля.

Актывісты руху “За свабоду” 24-гадовая Аліна Нагорная і 26-гадовы Максім Ціханаў пазнаёміліся ў 2015-м. "Рух" рыхтаваў сваіх людзей да працы на прэзідэнцкіх выбарах назіральнікамі. Аліна займалася назіральнікамі па Мінскай вобласці, а Максім быў адным з тых, каго яна “рыхтавала”, каб назіраць у яго роднай Вілейцы. Праўда, тое знаёмства толькі працоўнымі адносінамі і абмежавалася.

“Але потым пачалася падрыхтоўка да сёлетняй парламенцкай кампаніі, дзесьці ў сакавіку мы пачалі збірацца на офісе і абмяркоўваць нашу стратэгію — як мы будзем рабіць кампанію, як будзем даносіць інфармацыю да людзей, што рабіць з “Народнай праграмай”. І так мы зноў пачалі сустракацца з Максам. Неяк паступова зразумелі, што нам разам файна, нам разам класна. Ну, і ўсё!” — смяецца Аліна.

Дзяўчына задаволеная, што ў іх з Максам агульныя палітычныя погляды, агульны адказ на пытанне “Чый Крым?”, ім падабаюцца прыблізна аднолькавыя музычныя гурты. А вось для Максіма гэтае аднадумства хоць і важнае, але не стала рашаючым.

“Мяне агаломшылі яе вочы — гэта было, як маланка сярод сонечнага дня! — дзеліцца сваімі ўражаннямі Максім. — Ведаеш, у яе вочы-хамелеоны, і я заўважыў, што іх колер мяняецца ў залежнасці ад настрою. Калі яна паглядзела на мяне сваімі зялёнымі вачыма, а зялёныя вочы ў яе тады, калі яна мае файны настрой, то!.. Гэта быў позірк цеплыні, нейкага кахання. Ён мяне вельмі ўразіў, і я адразу пазначыў сабе: гэтая дзяўчына — тое, што мне патрэбна”.

Аліна — кандыдат у дэпутаты па Слуцкай выбарчай акрузе №67, Максім — па Вілейскай выбарчай акрузе №74. Але ні адлегласць, ні напружаная праца ў сваіх акругах адносінам не перашкаджаюць.

“Мы разам пішам звароты, разам пішам нейкія заявы — Макс мой юрыст, і ён вельмі дапамагае мне ў гэтай кампаніі. Я дапамагаю яму з ідэямі пікетаў, улётак, з музыкай — я грала на яго пікетах на гітары. Ён прыязджаў да мяне на пікеты. Мы разам робім усё! Сустракаемся і абмяркоўваем, што будзем рабіць і на той, і на той акрузе. Потым раз’язджаемся і робім”, — кажа Аліна.

Праўда, такая шчыльная сумесная праца прывяла да непрыемнай сітуацыі: яны сталі даверанымі асобамі адзін аднаго, а выбарчае заканадаўства гэта забараняе. І ў Слуцку, і ў Вілейцы выбарчыя камісіі разглядалі гэта парушэнне і прынялі… цалкам супрацьлеглыя рашэнні. Аліне ў Слуцку вынеслі папярэджанне, а Максу ў Вілейцы — не.

“Рашэнне гэтае я буду абскарджваць у судзе — мы з Максам ужо напісалі скаргу, і 2 верасня я панясу яе”, — весела кажа дзяўчына.

Вяселле прызначылі на дзявятага верасня. На пытанне, ці не хутка ўсё ў іх адбываецца, Аліна проста адказвае: “Не”, а Максім распавядае гісторыю свайго знаёмага. Той спыніўся падабраць дзяўчыну, якая ехала аўтаспынам, і вечарам таго ж дня прапанаваў ёй пажаніцца. “20 гадоў разам ужо шчасліва жывуць”, — канстатуе кандыдат.

Але чаму вырашылі святкаваць вяселле менавіта напярэдадні выбараў?

Цікава, што і тут у Аліны з Максам цалкам розныя тлумачэнні.

“У нас з Максам супольная пазіцыя: мы абодва былі назіральнікамі на выбарах і ведаем, як у нас лічаць галасы. Мы хочам, каб на гэтых выбарах для нас і для нашых сяброў, некаторыя з іх таксама балатуюцца, адбылося хоць нешта прыемнае і вясёлае. Напрыклад, наша вяселле!” — кажа Аліна.

“Мы разглядалі розныя варыянты даты, але вырашылі, што самы лепшы дзень для такой падзеі — дзявятага верасня, Дзень прыгажосці”, — адказвае юрыст-рамантык Максім.

Дзе пасля вяселля будуць жыць, пакуль не вырашана. Аліна кажа, што рашэнне будзе прымацца спантанна, Максім, што, хутчэй за ўсё, пераедуць у сталіцу. Калі ж абодва перамогуць на выбарах, то ў Мінску ім яшчэ і службовае жыллё дадуць.

Кіраўніцтва Руху “За свабоду” не супраць такога “службовага рамана”. Наадварот, кажа намеснік лідара “Руху” Алесь Лагвінец, толькі падтрымліваюць сваіх актывістаў у іх намеры. Але завяршаецца наша свецкая-палітычная размова з маладымі кандыдатамі даволі смешна. Аляксандра Мілінкевіча на вяселле запрасілі?” — пытаюся ў іх.

— Ой! — Спалохана замаўкае Аліна.

— Нешта мы і сапраўды забыліся… Дзякуй, што нагадалі! Абавязкова трэба запрасіць, — кажа Максім.

Фота са старонак у Фэйсбуку Аліны Нагорнай і Максіма Ціханава

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі