“Лістапад” пройдзе па новых правілах. Тры адказы, чаму гэта не ўратуе фестываль

Рэформы гатунку "вяртання ў мінулае"

Рэформы гатунку "вяртання ў мінулае" / @rubanau_collage

Кінафестываль “Лістапад”, якому ў гэтым годзе споўніцца 30 год, пройдзе па новых правілах. Пра гэта на прэс-канфэренцыі, якая адбылася 1 красавіка ў Музеі беларускага кіно, расказалі чыноўнікі з Мінкульта, Мінгарвыканкама і “Беларусьфільма”.

Еўрарадыё прааналізавала іх прапановы і прыйшло да высновы, што вярнуць страчаны прэстыж (калісьці “Лістапад” сапраўды быў прэстыжным) у галоўнага кінафестывалю краіны не атрымаецца. Нават у юбілейны год.

А што, у “Лістапада” ёсць праблемы з іміджам?

Ёсць, і адчувальныя. Яны пачаліся пасля таго, як увосень 2020 года ўлады Беларусі на хвалі пратэстаў адмянілі фэст, а ўлетку наступнага года перадалі яго арганізацыю “Беларусьфільму”. Прыватны цэнтр “АртКарпарэйшн”, які працаваў над фестывалем апошнія дзесяць год, быў адхілены.

“Нацыяналізацыя” “Лістапада” разарвала яго сувязі з заходнімі партнёрамі. Фестываль пазбавілі акрэдытацыі Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF). З ім прыпыніла супрацоўніцтва Міжнародная федэрацыя кінапрэсы (FIPRESCI). 

“Лістапад” пройдзе па новых правілах. Тры адказы, чаму гэта не ўратуе фестываль
Афіцыйны постар "Лістапад'24" / listapad.org

Але горш за ўсё — новыя арганізатары не ведалі, як ствараць культурную падзею міжнароднага класа. За тры апошнія гады прадстаўнічы фестываль еўрапейскага ўзроўню ператварыўся ў моцна палітызаваную падзею сумніўнай якасці, падчас якой беларускія чыноўнікі прызнаюцца ў братняй любові да расіян і іншых саюзнікаў па СНД. А глядзець там асабліва і няма чаго. 

Добра, а што чыноўнікі прапанавалі змяніць у гэтым годзе?

Перамены закрануць асноўную праграму. У ёй з’явяцца два конкурсы: нацыянальных кінашкол і нацыянальны конкурс. Як тлумачаць арганізатары, у першым будуць спаборнічаць працы студэнтаў мастацкіх ВНУ, а ў другім — фільмы грамадзянаў Беларусі.

Але нават калі хочацца трапіць у адноўлены нацыянальны конкурс — так проста гэта не атрымаецца. Да ўдзелу будуць дапушчаныя толькі “фільмы беларускай вытворчасці, чый камерцыйны пракат адбыўся да пачатку кінафестывалю”. 

Гэта азначае дзве рэчы. Першая — цэнзура: разглядацца будуць толькі праекты, якія ўжо атрымалі пракатнае пасведчанне ў чыноўнікаў. Другая — зноў жа, сярод удзельнікаў будуць дамінаваць стужкі “Беларусьфільма”, бо фільмаў прыватнай вытворчасці апошнім часам выходзіла вельмі мала. А тыя, што выходзілі, ніякай відавочнай карысці ад удзелу ў фестывалі з таксічным бэкграўндам не атрымаюць.

Вы так пішаце, нібы нічога добрага ад “Лістапада” не варта чакаць. Ці сапраўды так?

Не, прапануюць чыноўнікі і карысныя змены. Прыём заявак на ўдзел будзе трываць з 1 красавіка да 1 верасня, то бок пяць месяцаў. А на фармаванне праграмы паказаў адводзіцца два месяцы — фестываль у гэтым годзе пройдзе з 1 па 8 лістапада.

Гэта значна лепей, чым практыка апошніх трох гадоў, калі на збор заявак і фармаванне праграмы арганізатары закладвалі трохі болей за два месяцы. Выглядала, і хутчэй за ўсё так і было, што “Беларусьфільм” займаецца прафанацыяй, а не арганізацыяй падзеі. 

Вось толькі павелічэнне тэрмінаў адбору фільмаў і вяртанне раней адмененых прынцыпаў працы нічога прынцыпова не змяняюць. “Лістапад” застаецца ідэалагізаванай падзеяй для вырашэння палітэканамічных задач рэжыму, з опцыяй прамыўкі мазгоў ідэямі “рускага свету” і кансерватыўнымі каштоўнасцямі. 

А чаго яшчэ чакаць ад фестывалю, правядзенне якога прызначылі курыраваць аж першага намесніка прэм’ер-міністра краіны? Чаго заўгодна, але не добрага кіно. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі